2013-04-15 14:40:11

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння сустрэўся з амерыканскімі законніцамі


RealAudioMP3 15 красавіка адбылася першая сустрэча прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера з кіраўніцтвам Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША (LCWR). Іерарх выказаў падзяку за вялікі ўклад законніц у жыццё Касцёла ў Злучаных Штатах, перш за ўсё за іх працу ў школах, бальніцах і дабрачынных установах. Прэфект падкрэсліў, што канферэнцыі настаяцельніц існуюць для таго, каб спрыяць агульным намаганням членаў манаскіх кангрэгацый у супрацоўніцтве з мясцовымі біскупскімі канферэнцыямі і мясцовымі біскупамі. Па гэтай прычыне, такія канферэнцыі застаюцца пад кіраўніцтвам Святога Пасаду.

Год таму Кангрэгацыя Веравучэння выдала дактрынальную ацэнку, прадметам якой стала Канферэнцыя вышэйшых настаяцельніц ЗША. У ёй гаварылася пра сур’ёзныя тэалагічныя і дактрынальныя памылкі ў выступленнях на штогадовых асамблеях арганізацыі, скажонае бачанне манаскага жыцця, некаторыя радыкальныя фемінісцкія тэндэнцыі, несумяшчальныя з каталіцкай верай.

Падчас сённяшняй сустрэчы арцыбіскуп Мюлер паінфармаваў кіраўніцтва арганізацыі, што нядаўна абмяркоўваў дактрынальную ацэнку з папам Францішкам, які пацвердзіў высновы Ацэнкі і праграму рэформаў для Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц.







All the contents on this site are copyrighted ©.