2013-04-15 12:20:48

Ватыканскі іерарх на семінары для капеланаў грамадзянскай авіяцыі


RealAudioMP3 15 красавіка ў польскім Кракаве пачаўся VIII Еўрапейскі семінар каталіцкіх капеланаў грамадзянскай авіяцыі. “Слухаць Божае слова, слухаць іншага”, - так гучыць тэма сёлетняга форума, на які прыбыў старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, якая з’яўляецца галоўным арганізатарам форума, кардынал Антоніа Марыя Вэльё. У сваім выступленні перад удзельнікамі ён адзначыў, што аэрапорты – гэта месцы, дзе людзі пастаянна спяшаюцца, мітусяцца, дзе душпастырства весці вельмі складана. Але менавіта тут, паводле ватыканскага іерараха, можна навучыцца быць адкрытым на іншых, людзей рознага паходжання, культур і рэлігій. Такія асобы вельмі часта патрабуюць, каб іх выслухалі, і гэта адна з роляў капеланаў грамадзянскай авіяцыі.

Па словах старшыні Папскай рады, святары, працуючыя ў аэрапортах, падчас размоў з падарожнікамі павінны выкарыстоўваць увесць багаж сваіх ведаў, цярплівасці і цнотаў. І гэтаму можа паспрыяць Божае слова, якое дапамагае знайсці і ахвяраваць людзям разуменне, клопат і спагадлівасць. Кардынал Вэльё заклікаў капеланаў быць адкрытымі на праблемы іншых, старацца зразумець іх, бачыць у кожным чалавеку бліжняга, паважаць яго як асобу, незалежна ад веравызнання.








All the contents on this site are copyrighted ©.