2013-04-14 14:56:32

Папа перад “Regina Coeli”: не баяцца нічога і нікога абвяшчаючы Хрыста (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Не баяцца нічога і нікога абвяшчаючы ўваскрасенне Хрыста і Яго Добрую Навіну, запрасіў Святы Айцец сучасных хрысціян. Ён звярнуў увагу на патрэбу малітвы за тых, хто дае такі прыклад, сучасных мучанікаў, якія церпяць пераслед за веру ў розных частках свету. Паводле Францішка, трэба браць прыклад з Езуса, які з Крыжа адказваў сваім катам “любоўю і сілай праўды”. 14 красавіка на плошчы св. Пятра сабралася каля 80 тыс. вернікаў, каб удзельнічаць у малітве “Regina Coeli” з Пантыфікам, паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Папа нагадаў рэцэпт поспеху апосталаў, якія, будучы простымі людзьмі, змаглі ўскалыхнуць увесь Ерузалем весткай пра уваскрослага Пана. Толькі прысутнасць з імі Хрыста і дзейнасць Святога Духа могуць растлумачыць гэты факт, звярнуў увагу Францішак. Гэта прыклад для сучасных хрысціян, якія, пазнаўшы Хрыста і верачы ў Яго ўваскрасенне, не могуць паўстрымацца ад абвяшчэння праўды аб Ім, лічыць Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры! Добры дзень. - звярнуўся сёння да сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай Папа - Я хацеў бы коратка спыніцца на старонцы кнігі Дзеяў Апосталаў, якую мы чытаем падчас літургіі ІІІ Велікоднай нядзелі. Гэты тэкст распавядае, як першая пропаведзь апосталаў у Ерузалеме напоўніла горад навінай, што Езус сапраўды ўваскрос з мёртвых, у адпаведнасці з Пісаннем, і што Ён быў Месіяй, прадказаным прарокамі. Першасвятары і кіраўнікі горада спрабавалі задушыць на самым пачатку нараджэнне супольнасці веруючых у Хрыста і ўкінулі ў вязніцу апосталаў, забараняючы ім навучаць у Яго імя. Аднак Пётр і астатнія Адзінаццаць адказалі: “Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, (...) узвысіў Яго правіцаю сваёй (...) І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы” (Дз 5, 29-32). І былі прысуджаны апосталы на бічаванне і зноў ім было забаронена прапаведаваць у імя Езуса. І яны адыходзілі, як кажа Святое Пісанне, “радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса”. (Дз 5, 41).

Я пытаюся ў сябе: адкуль першыя вучні бралі сілы для такога сведчання? Больш за тое: адкуль яны мелі радасць і адвагу абвяшчаць Бога, нягледзячы на перашкоды і насілле? Не будзем забывацца, што апосталы былі людзьмі простымі, не належалі да вучоных у Пісанні ці да святароў. Як жа яны маглі, беручы пад увагу свае абмежаванні і супрацьстаянне ўладаў, напоўніць Ерузалем сваім навучаннем? Безумоўна, толькі прысутнасць з імі ўваскрослага Хрыста і дзейнасць Святога Духа могуць патлумачыць гэты факт. Пан, які быў з імі, і Дух, Які заклікаў іх да абвяшчэння, тлумачыць гэту экстраардынарную падзею. Іх вера засноўвалася на моцным і асабістым досведзе пра Хрыста, які памёр і ўваскрос, і такім чынам яны не баяліся нічога і нікога. Больш за тое, пераслед яны ўспрымалі, як матыў для радасці, які дазваляў ім рухацца па слядах Езуса і быць падобнымі да Яго, сведчыць аб Ім жыццём.

Гэта гісторыя першахрысціянскай супольнасці кажа нам нешта вельмі важнае, што датычыць Касцёла ўсіх часоў і актуальна таксама для нас: калі хтосьці сапраўды ведае Езуса Хрыста і верыць у Яго, зведвае Яго прысутнасць у жыцці і моц Яго ўваскрасення, ён не можа ўстрымацца ад перадачы іншым гэтага досведу. А калі такі чалавек сустракае неразуменне або супярэчанне – ён паводзіць сябе так, як Езус падчас сваёй мукі: адказвае з любоўю і моцай праўды.

Молячыся разам “Regina Coeli”, будзем прасіць аб дапамозе Найсвяцейшую Панну Марыю, каб Касцёл ва ўсім свеце абвяшчаў адважна ўваскрослага Пана і даваў трывалае сведчанне гэтага праз знакі братэрскай любові. Братэрская любоў з’яўляецца нашым найбліжэйшым сведчаннем таго, што Езус з намі, што Езус уваскрос. Будзем асабліва маліцца за хрысціян, якія церпяць пераслед; у гэты час многія хрысціяне падвяргаюцца пераследу, многія, многія, у многіх краінах: мы молімся за іх, з любоўю, ад сэрца. Няхай яны адчуваюць жывую і суцяшаючую прысутнасць уваскрослага Пана”, – заахвоціў вернікаў Святы Айцец.

Пасля марыйнай малітвы папа Францішак нагадаў, што 13 красавіка ў Венецыі быў абвешчаны благаслаўлёным кс. Лука Пасі і запрасіў вернікаў быць удзячнымі за сведчанне жыцця гэтага святара. Пантыфік не заставіў без увагі дзень Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, які адзначаецца ў гэту нядзелю ў Італіі. Францішак падзякаваў навучальнай установе за тое, што на працягу свайго існавання яна выхавала і адукавала тысячы маладых людзей, якія сталі “кампетэнтнымі і адказнымі грамадзянамі, будаўнікамі агульнага дабра”.

Пантыфік прывітаў усіх пілігрымаў: “сем’і, парафіяльныя групы, рухі і моладзь”, якія прыбылі са шматлікіх краін, каб сустрэцца з Наступнікам св. Пятра.







All the contents on this site are copyrighted ©.