2013-04-12 11:44:35

Малавядомая гамілія кардынала Ратцынгера


RealAudioMP3 Пра нацыю і нацыяналізм казаў кардынал Ёзэф Ратцынгер падчас дагэтуль малавядомай гаміліі ў 1997 г. у сваім родным Марктль на Іне. У правільным разуменні і “аздараўленні” гэтых паняццяў немалую ролю адыграла сувязь паміж Першым і Другім Ватыканскімі Саборамі. Кардынал Ратцынгер нагадаў, што першы праходзіў у эпоху паўстання нацыянальных дзяржаў, у час, калі на карце Еўропы з’явіліся Германія і Італія, і знікла Папская дзяржава. Паводле яго, страта Пантыфікам зямной улады паўплывала на выключна духоўны характар Сабора, а адным з элементаў, які яго характарызаваў, было імкненне да адзінства, насуперак распаўсюджаным у Еўропе падзелам. “Важна, што ў момант, калі прынцып нацыі святкаваў свой трыумф, калі нацыі сталі пакланяцца, Сабор супрацьпаставіў гэтаму прынцып адзінства”, - адзначаў будучы Папа.

“У гісторыі апошніх 145 гадоў мы бачым, колькі крыві і слёзаў было праліта з прычыны ап’янення нацыяналізмам, не толькі ў Еўропе, але ва ўсім свеце. - сказаў у Марктль на Іне тады яшчэ прэфект Кангрэгацыі Веравучэння - І гэта таму, што ўсе (таксама і мы хрысціяне, мы католікі) былі перш за ўсё немцамі, французамі, італьянцамі, англічанамі, і толькі потым хрысціянамі і католікамі”.

Паводле яго, ІІ Ватыканскі Сабор працягнуў тое, што не было вырашана на папярэднім: сказаў сваё канчатковае слова аб Касцёле, які існуе не сам у сабе, але з’яўляецца акном, якое дазваляе праліцца святлу Хрыста на свет.








All the contents on this site are copyrighted ©.