2013-04-12 11:17:20

Кардынал Каспер: папа Францішак і яго прарочая інтэрпрэтацыя Сабору


RealAudioMP3 Кардынал Вальтэр Каспер лічыць, што папа Францішак, з яго акцэнтаваннем праблем беднасці і пытанняў сацыяльнай справядлівасці, распачаў новы этап ажыццяўлення ІІ Ватыканскага Сабору. Кардынал Каспер прыводзіць у сённяшнім выданні ватыканскай газеты моцныя аргументы ў доказ таго, што падарожжа на шляху саборнага абнаўлення яшчэ не скончана і што дзесяцігоддзі дыскусій аб яго навучанні павінна прывесці да новых “практычных наступстваў”. Новаабраны Пантыфік, паводле слоў іерарха, прадстаўляе накірунак з акцэнтам на Касцёл, які сам становіцца бедным і служыць бедным.

Папа Францішак з першага дня свайго пантыфікату даў тое, што кардынал Каспер называе “прарочай інтэрпрэтацыяй Сабору”, ён змяніў парадак рэчаў і ўверсе паставіў праблемы паўднёвага паўшар’я. Гэта вельмі істотна, паводле вядомага нямецкага тэолага, бо калі ў пачатку мінулага стагоддзя толькі чвэрць усіх католікаў жылі за межамі Еўропы, то сёння толькі чвэрць з іх жыве на Старым кантыненце, а больш чым дзве трэція паходзяць менавіта з Паўднёвага паўшар’я, дзе Касцёл развіваецца.

Кардынал Каспер адзначыў, што папа Францішак, здаецца, гатовы да больш калегіяльнага ажыццяўлення папскага служэння. Роля Папы ў якасці аб’яднаўчай асобы ў Касцёле не павінна прыводзіць да “перабольшанага цэнтралізму”, напісаў ён у “L’Osservatore Romano”. Гэта мае прынцыповае значэнне таксама для працягу экуменічнага дыялогу, перш за ўсё з Праваслаўнымі Цэрквамі, лічыць была старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Кардынал не падтрымлівае меркавання крытыкаў Сабору, які маўляў стаў “катастрофай і найвялікшай бядой апошняга часу”. Шмат праблем, паводле яго, узнікла з-за таго, што саборныя дакументы няслі “велізарны патэнцыял для канфлікту”, паколькі іх кампрамісная мова ў важнейшых пытаннях адчыніла дзверы для выбарачнага тлумачэння ў той ці іншы бок.

У цэлым, як лічыць кардынал Каспер, навучанне II Ватыканскага Сабору дало новы імпульс у жыцці дыяцэзій, парафій і рэлігійных супольнасцяў, асабліва ў рамках літургічнага абнаўлення, новых рухаў, лепшага ведання Святога Пісання і дыялогу з не-католікамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.