2013-04-12 12:25:30

Аргентынскі біскуп: папа Францішак заўсёды перамагаў ідэалогію Евангеллем


RealAudioMP3 Чалавекам дыялогу і праніклівай развагі назваў папу Францішка яго былы найбліжэйшы супрацоўнік, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс, Эдуарда Харачыа Гарсія, які ведае Пантыфіка ўжо на працягу 20 гадоў. Ён адзначыў, што Святы Айцец заўсёды хоча быць упэўнены ў правільнасці свайго рашэння, таму вывучае праблему, стараецца весці шчыры дыялог, слухаць, раіцца, быць поўнасцю паінфармаваным. “Ён не дае гатовых рашэнняў, але прымушае думаць і суправаджае ў іх пошуку”, - сцвердзіў біскуп. Падчас свайго служэння на пасадзе арцыбіскупа Буэнас-Айрэса кардынал Берголіа “быў аднолькава блізкі да святароў, законнікаў, свецкіх”, - дадаў ён.

Іерарх лічыць, што не трэба чакаць ад Папы нейкай ідэалізацыі ці ўзвышэння беднасці. Ён прызнаўся, што Святы Айцец заўсёды надаваў увагу праблеме беднасці і яе наступстваў, але ніколі не ставіў яе “на п’едэстал”. Ён імкнуўся абудзіць ініцыятыву, вучыў ставіцца да бедных з павагай, але ў той жа час перасцерагаў ад стварэння сацыяльных гета або нейкай адмысловай “эклезіялогіі бедных”. Біскуп Гарсія адзначыў, што Францішак перамагаў любыя ідэалогіі Евангеллем.








All the contents on this site are copyrighted ©.