2013-04-10 12:33:07

“Падворак язычнікаў” упершыню за межамі Еўропы


RealAudioMP3 Сустрэчы ў рамках ініцыятывы Папскай рады па культуры “Падворак язычнікаў”, падчас якіх вядуцца дыскусіі на розныя тэмы паміж веруючымі і няверуючымі, пройдуць упершыню за межамі Еўропы, у Мексіцы. Аднак цыкл сёлетніх сустрэч пачнецца з італьянскага Катандзара 20 красавіка. Тут удзельнікі будуць разважаць пра сумесную адказнасць этыкі і рэлігіі. Кардынал Джанфранка Равазі правядзе дыскусію на гэту тэму з вядомымі італьянскімі юрыстамі і філосафамі.

Мексіканскі этап, які пройдзе 8-9 мая, паводле арганізатараў, мае асаблівае значэнне, паколькі адбудзецца ў краіне, дзе католікамі сябе лічаць 87% жыхароў, а кіраўніцтва доўгія гады праводзіць моцную антыклерыкальную палітыку. Старшыня Папскай рады па культуры возьме ўдзел у двух крыглых сталах, прысвечаных тэме “лаіцызма і трансцэндэнтнасці”, з вядомымі мексіканскімі ўніверсітэцкімі выкладчыкамі, якія лічаць сябе няверуючымі. Іерарх сустрэнецца таксама “за зачыненымі дзвярыма” з групай няверуючых інтэлектуалаў з Нацыянальнага аўтаномнага універсітэта Мексікі, які яшчэ 3 гады таму насіў тытул папскага, але Святы Пасад быў вымушаны адклікаць яго з-за радыкальнай лаіцкасці сталічнай навучальнай установы.








All the contents on this site are copyrighted ©.