Папа Францішак: чалавека збаўляюць не грошы або слава, але Божая любоў
Бог збаўляе чалавека
сваёй любоўю, а не лістом ці дэкрэтам, - сказаў папа Францішак падчас св. Імшы раніцай
10 красавіка ў капліцы Дома св. Марты ў Ватыкане. Сваю гамілію ён прысвяціў рэчаіснасці
збаўлення, якое паводле Святога Айца, азначае паўторнае атрыманне ад Бога годасці
яго сыноўства і вяртанне надзеі. Праблема палягае на перакананні сучаснага чалавека
ў магчымасці збавіць сябе самога з дапамогай, напрыклад, багаццяў, звярнуў увагу Папа.
Ён нагадаў, што грошы могуць даць толькі часовае задавальненне, якое не мае нічога
супольнага з сапраўдным збаўленнем.
Разам са Святым Айцом сённяшнюю Эўхарыстыю
цэлебравалі кардыналы Анджэла Садана і Анджэла Камастры. На св. Імшы прысутнічала
таксама міністр унутраных спраў Італіі Анна Марыя Канчэльеры.
Францішак звярнуў
увагу на яшчэ адну праблему сучаснага чалавека; апошні часта думае, што моцным яго
робяць слава і ўзвышэнне. На самой справе, яны толькі аслабляюць нас, бо камуфлююць
нашу духоўную беднасць і грахі. Яны перашкаджаюць нашаму збаўленню. “Сапраўднае збаўленне
палягае на годнасці, якую дорыць нам Бог, і на надзеі, якую Хрыстус даў нам у Пасхе”,
- сказаў Пантыфік. У любоў Бога да нас трэба верыць, бо менавіта Яго любоў збаўляе
чалавека, дадаў ён. “Адкрыем наша сэрца, каб туды ўвайшла гэта любоў, напоўніла нас
і дала стымул, каб мы любілі іншых”, - сказаў у завяршэнні папа Францішак.