2013-04-09 15:11:39

Іракскі дыпламат: візіт Папы ў Ур Халдэйскі паспрыяў бы міру ў свеце


RealAudioMP3 Ірак моцна спадзяецца, што Святы Айцец “здзейсніць пілігрымку на радзіму Абрагама”, заявіў італьянскай газеце “Il Мessaggero” пасол Ірака пры Святым Пасадзе Хабеб Аль Садр. Ён паінфармаваў, што Пантыфіку перададзена афіцыйнае запрашэнне ад уладаў Іраку наведаць краіну. Дыпламат спадзяецца, што папе Францішку ўдасца ажыццявіць пілігрымку, аб якой марыў Ян Павел ІІ. У юбілейны 2000 г. Папа наведаў Святую Зямлю, але тагачаснае кіраўніцтва Ірака не дало дазвол на наведанне Ура Халдэйскага.

“Пілігрымка папы Францішка ў Ірак стала б неаспрэчным знакам для ўсіх хрысціян, і магла б спыніць тэндэнцыю да эміграцыі. (...) Сённяшні Ірак зусім іншая краіна; ён не такі, якім быў пры Садаме Хусэйне, мы пачалі развіццё, нават эканамічнае, і глядзім у лепшую будучыню”, - адзначыў Аль Садр. Ён лічыць, што трэба спыніць тое, ад чаго прароча перасцерагаў у 2003 г. Ян Павел ІІ, калі казаў, што “вайна ў Іраку можа перарасці з чалавечай трагедыі ў рэлігійную катастрофу”. Пасол нагадаў, што 10 гадоў канфлікту прынеслі 112 тыс. ахвяр сярод насельніцтва.

Прадстаўнік Ірака звярнуў увагу, што Ур Халдэйскі, які быў адкрыты археолагамі толькі ў мінулым стагоддзі, не стаў мэтай пілігрымак, паколькі ў часы Хусэйна паблізу яго была створана закрытая ваенная зона. Дыпламат лічыць, што візіт Папы ў адзін з самых старажытных гарадоў зямлі мог бы паспрыяць вяртанню сюды хрысціянскіх пілігрымаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.