2013-04-09 12:09:21

Кардынал Руіні: папа Францішак прынёс подых маладосці старажытнаму Касцёлу


RealAudioMP3 “Папа Францішак, безумоўна, прынёс подых маладосці і лепшай будучыні для старажытнага і традыцыйнага Рымскага Касцёла”, - лічыць кардынал Каміла Руіні, былы Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Для яго св. Імша разам з Пантыфікам у базыліцы св. Яна на Латэране была “момантам глыбокіх духоўных і рэлігійных пачуццяў”. “Папа – гэта чалавек вялікай прастаты і непасрэднасці, але таксама і вельмі глыбокай духоўнасці”, - адзначыў кардынал Руіні. Ён падкрэсліў, што Святы Айцец гэта чалавек, які ўспрымае малітву не толькі як духоўнае практыкаванне, якое адбываецца на ўнутраным узроўні, але і як момант адкрыцця на Бога. Іерарх заўважыў, што Францішак звяртае нашу ўвагу на любоў Бога да чалавека, любоў, якой з’яўляецца прабачэнне і міласэрнасць.

Для кардынала Руіні Пантыфік з’яўляеецца “вялікім дарам” для Касцёла. “Той факт, што Францішак хоча выкарыстоўваць у першую чаргу тытул Біскупа Рыма спрыяе, безумоўна, экуменічным адносінам, асабліва з праваслаўнымі Цэрквамі”, - заўважыў ён. Гэта “прымушае таксама задумацца над сапраўднай сутнасцю служэння Пятра, тут у Рыме, як біскупа, які праліў сваю кроў праз пакутніцкую смерць, каб засведчыць сваю веру і падтрымаць у ёй сваіх братоў”, - дадаў былы Папскі вікарый. “Гэта вялікі дар, які Касцёл у Рыме атрымаў і павінен цалкам усведамляць гэта”, - лічыць іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.