2013-04-05 12:54:10

Мінск: Мітрапаліт Іларыён пра Папу і новы імпульс для каталіцка-праваслаўнага дыялогу


RealAudioMP3 Мітрапаліт Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, наведаў Беларусь. Іерарх прыбыў у Інстытут тэалогіі Белдзяржуніверсітэта, дзе сёння праходізіць навуковая канферэнцыя “Значэнне Міланскаго эдыкта”, арганізаваная Інстытутам і Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам Імя Святых Мятода і Кірыла. Міланскі эдыкт стаў пераломным у гісторыі хрысціянства, адзначыў высокі госць у сваім дакладзе. Дакумент, падпісаны ў 313 годзе, прынёс безумоўную перамогу над язычнікамі і замацаваў свабоду веравызнання. Па сутнасці, гэта быў першы акт, які абазначыў і адносіны рэлігіі з дзяржавай. Таму гэта тэма актуальна сёння, паведаміў мітрапаліт Іларыён у інтэрв’ю нашаму радыё. Без супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы немагчыма рэалізаваць многія праекты, сіламі толькі аднаго з інстытутаў немагчыма вырашыць многія праблемы грамадства. Кажучы аб перспектывах дыялогу паміж Цэрквамі, Мітрапаліт адзначыў, што папа Францішак, з якім праваслаўны іерарх сустакаўся два тыдні таму, ужо ўносіць новы свежы подых у кіраўніцтва Каталіцкім Касцёлам, а таму спадзяецца, што новы імпульс ён надасць і праваслаўна-каталіцкім адносінам.

“І ўжо яго першыя крокі паказваюць, што ў многім ён будзе паслядоўнікам лініі сваіх папярэднікаў. Для нас вельмі важна, каб ён захоўваў той здаровы кансерватызм, які заўсёды меў Рыма-Каталіцкі Касцёл. С іншага боку важна таксама, каб Царква звярталася тварам да свету і пасылала свету тое пасланне, якое будзе правільна ўспрынята. Тут, вядома, для Каталіцкага Касцёла традыцыйна вельмі вялікая роля Пантыфіка. Мы спадзяемся на тое, што папа Францішак, які добра ведае Праваслаўную Царкву, калі ён быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, шмат разоў наведваў наш праваслаўны прыход у гэтым горадзе, прысутнічаў на літургіі, заставаўся на трапезу, і ён з вялікай цеплынёй адносіцца да Праваслаўнай Царквы, спадзяюся, надасць новы імпульс узаемаадносінам паміж праваслаўнымі і католікамі”, - адзначыў іерарх.

У тым, што дыялог паміж Захадам і Усходам будзе развівацца далей, упэўнены і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі. “Найперш, мы добра ведаем з біяграфіі Папы Францішка, што ён сябраваў с праваслаўнымі супольнасцямі ў Аргентыне. Таксама дапамагаў арганізаваць выставу праваслаўных ікон. Тое, што на інтранізацыі пысутнічалі Усяленскі Патрыярх і Мітрапаліт Іларыён, кажа аб тым, што Папа кіраўнік Паўсюднага Касцёла, у які ўсход таксама ўваходзіць. Таксама падчас інтранізацыі былі выкарыстаны розныя мовы і таксама ўпершыню руская, гэта кажа аб тым, што той вектар на развіццё дыялогу паміж заходнім і ўсходнім хрысціянствам будзе падтрымлівацца”, - сказаў ён.

Мітрапаліт Іларыён атрымаў сёння званне ганаровага доктара Інстытута тэалогіі, а вечарам вядомы царкоўны і грамадскі дзеяч прадставіў у Беларусі яшчэ адну грань свайго таленту – у Белдзяржфілармоніі далі “Страсти по Матфею” - музычны твор для хора і аркестра, які напісаў кампазітар Мітрапаліт Іларыён (Алфееў).

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.