2013-04-05 10:20:13

Ватыканскі дыпламат: у Дамове па гандлі зброяй застаюцца значныя прабелы


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку, зрабіў заяву ў сувязі з прыняццем Генеральнай асамблеяй Дамовы аб гандлі зброяй. Ватыканскі іерарх чарговы раз заявіў аб прыхільнасці Святога Пасаду да асноватворных прынцыпаў міру. Ён нагадаў, што гандаль зброяй не можа разглядацца ў якасці звычайнай формы эканамічнай дзейнасці і ніколі не павінен лічыцца маральна абыякавым. Кантроль ва ўсіх выпадках перадачы зброі павінен стаць абавязкам, каб пазбегнуць або звесці да мінімуму чалавечыя пакуты і гібель людзей. Прадстаўнік Святога Пасаду лічыць, што існуе прамая сувязь паміж насіллем і зброяй, такая ж як паміж раззбраеннем і развіццём. Арцыбіскуп Чулікат назваў Дамову “крокам да ўсталявання ў свеце культуры адказнасці і падсправаздачнасці”.

Тым не менш, на думку ватыканскага дыпламата, “у тэксце Дамовы застаюцца значныя прабелы”. У ёй большы акцэнт пакладзены “на прэрагатывы дзяржаў, чым на годнасць і правы чалавека”, пераважаюць камерцыйныя і эканамічныя меркаванні. “Калі дзяржавы не ўсталююць палітычныя, сацыяльныя і маральныя ўмовы, якія знізяць попыт на зброю, кантроль над узбраеннямі будзе мець абмежаваны эфект і намаганні па ліквідацыі незаконнага гандлю зброяй застануцца незаўважнымі”, - лічыць прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН у Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Чулікат звярнуў увагу асамблеі на небяспечнасць сцвярджэння “гендэрнае насілле”, якое было ўжыта ў Дамове. На яго думку, “гэта своеасаблівая мядзведжая паслуга незлічоным ахвярам зверстваў, якія адбыліся на падставе іх этнічнай прыналежнасці або расы, а таксама іх палітычных, рэлігійных або іншых перакананняў ці меркаванняў”. Святы Пасад лічыць, што ў Дамове павінны быць разгледжаны ўсе формы насілля, незалежна ад іх асновы.







All the contents on this site are copyrighted ©.