2013-04-04 10:27:53

Папа спачувае ахвярам паводкі ў Аргентыне


RealAudioMP3 Папа Францішак выразіў глыбокую заклапочанасць і блізасць жыхарам Аргентыны ў сувязі з праліўнымі дажджамі, у выніку якіх загінула каля 60 чалавек і некалькі тысяч засталіся без даху над галавой. У сваім пасланні скіраваным 4 красавіка за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіа Бэртонэ, Святы Айцец звярнуўся да ахвяраў катаклізма, а таксама ўсіх тых, хто задзейнічаны ў выпраўленні яго наступстваў. Пантыфік заклікаў “грамадскія і касцёльныя структуры, а таксама ўсіх людзей добрай волі з любоўю і ў духу хрысціянскай салідарнасці аказваць неабходную дапамогу, тым, хто згубіў свае дамы і маёмасць”. Праліўныя дажджы прайшлі ў Аргентыне 2-3 красавіка і галоўным чынам закранулі Буэнас-Айрэс і горад Ла-Плата, які знаходзіцца ў 60 км ад сталіцы. Усяго ад дажджоў пацярпелі каля 350 тыс. чалавек. У сувязі з гэтым у Аргентыне была аб’яўлена трохдзённая жалоба. Паводле метэаролагаў у сталіцы краіны выпала каля 400 мм ападкаў, а вада ў некаторых месцах паднялася да 2 м, што з’яўляецца абсалютным рэкордам для рэгіёна. Аргентынскія ўлады заклапочаны кліматычнымі зменамі, якія з кожным годам прыводзяць да ўсё больш цяжкіх наступстваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.