2013-04-03 12:08:07

Святы Айцец: наперад моладзь!


RealAudioMP3 Уваскрасенне Хрыста – гэта наша сіла! З такімі словамі 3 красавіка папа Францішак звярнуўся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра з нагоды агульнай аўдыенцыі. Падчас яе Пантыфік працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных Году веры, які пачаў яшчэ яго папярэднік Бэнэдыкт XVI. У цэнтры разважанняў Святога Айца былі словы Сімвала веры – “На трэці дзень уваскрос, паводле Пісання”, якія непасрэдна адносяцца да Вялікадня. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што, нажаль, часта існавалі спробы размыць веру ва Уваскрасенне Езуса, і нават паміж вернікаў закраліся сумнівы. “Так адбывалася з-за павярхоўнасці, часам з-за абыякавасці, заклапочаннасці многімі рэчамі, якія лічыліся больш важнымі, чым вера, ці з-за выключна гарызантальнага бачання жыцця (...). Але менавіта Уваскрасенне адкрывае нас на самую вялікую надзею, адкрывае наша жыццё і жыццё свету на вечную будучыню з Богам, на поўнае шчасце, на ўпэўненасць у тым, што зло, грэх, смерць могуць быць пераможаны”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што сведчанне веры ва ўваскрасенне Хрыста ў Новым Запавеце прадстаўляецца двума спосабамі: у форме вызнавання веры або кароткіх формулах і ў форме апавяданняў аб уваскрасенні і фактах звязаных з ім. Паводле Святога Айца, узорам першага спосабу могуць паслужыць словы з Сімвала веры ці Паслання св. Паўла да Рымлянаў: “Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены” (10,9).

Больш падрабязна папа Францішак расказаў пра другі спосаб, а менавіта пра сведчанне веры ў форме апавяданняў, якія можна знайсці ў Евангеллях. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што першымі сведкамі ўваскрасення былі жанчыны, якія адразу падзяліліся навіной аб уваскрасенні Хрыста, а “не трымалі яе для сябе”.

“Гэтак павінна адбывацца і ў нашым жыцці. Будзем жа адчуваць радасць быцця хрысціянамі! (...) Будзем жа мець адвагу “выйсці”, каб несці гэту радасць і святло ва ўсе сферы нашага жыцця! Уваскрасенне Хрыста – гэта наша вялікая ўпэўненасць; гэта самы каштоўны скарб! Як не падзяліцца з бліжнімі гэтым дарам, гэтай цудоўнай упэўненасцю. Яна не толькі для нас, але для таго, каб перадаваць яе, каб даць яе іншым, падзяліцца з іншымі. У гэтым наша сведчанне ”, - сказаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што, калі гаворка ідзе пра вызнанні веры ў Новым Запавеце, у якасці сведкаў уваскрасення выступаюць толькі мужчыны, апосталы, ніколі не жанчыны. Гэта звязана з тым, што паводле яўрэйскіх законаў сведчанне жанчын і дзяцей на магло лічыцца пераканаўчым. Але ў апавяданнях евангелістаў, наадварот, жанчыны маюць фундаментальную ролю. Паводле Папы, гэты факт сведчыць на карысць гістарычнай праўдзівасці ўваскрасення: “калі б яно было выдумкай, у канктэксце таго часу, не было б звязана са сведчаннем жанчын. Але евангелісты проста расказалі тое, што адбылося: жанчыны былі першымі сведкамі. Гэта гаворыць аб тым, што Бог не выбірае паводле чалавечых крытэрыяў: першымі сведкамі нараджэння Езуса былі пастухі, простыя і сціплыя людзі; першымі сведкамі ўваскрасення – жанчыны. І гэта цудоўна, і ў гэтым місія жанчын, маці, бабуль. Давайце сведчанне сваім дзецям, сваім унукам, аб тым, што Езус жывы, уваскослы. Маці і жанчыны, ідзіце наперад з гэтым сведчаннем!”

Папа таксама адзначыў, што сёння існуюць шматлікія знакі, у якіх Уваскрослы дае сябе распазнаць: Святое Пісанне, Эўхарыстыя, іншыя сакрамэнты, міласэрная любоў. “Дазволім асвяціць сябе ўваскрасеннем Хрыста, дазволім перамяніць сябе яго сілай, каб праз нас у свеце знакі смерці саступілі месца знакам жыцця”, - сказаў Папа. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што на плошчы св. Пятра прысутнічала вялікая колькасць моладзі. Да яе ён звярнуўся з заклікам мужна дзяліцца сведчаннем пра ўваскрасенне і такім чынам несці надзею гэтаму свету, “які крыху састарэў праз войны, зло, грэх”. “Наперад моладзь!”, - заклікаў Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.