2013-04-03 12:12:11

Папская біблійная камісія збярэцца на пленарнае пасяджэнне


RealAudioMP3 Папская біблійная камісія збярэцца на сваё штогадовае пленарнае пасяджэнне 8 красавіка 2013 г. Сустрэча, якая працягнецца пяць дзён, будзе адбывацца ў Доме св. Марты пад старшынствам арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння і старшыні камісіі. Працамі асамблеі будзе кіраваць кс. Клеменс Шток, яе генеральны сакратар. Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні гэтай структуры, у ходзе пасяджэння яе члены завершаць разважанні і даклады ў рамках даследавання натхнення і праўды ў Бібліі. На працягу некалькіх гадоў камісія прыкладала намаганні па вывучэнні гэтай тэмы ў розных кнігах Святога Пісання. Члены камісіі лічаць, што сваёй працай яны ўнеслі ўклад у разуменне Божага слова ўсімі вернікамі і развіццё іх асабістых адносін з Богам.

“Толькі ў кантэксце Касцёла Святое Пісанне можна зразумець як сапраўднае Божае слова, - пра гэта казаў Бэнэдыкт XVI падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай біблійнай камісіі ў красавіку 2009 г. У той час Пантыфік звярнуўся да тэмы задання каталіцкага экзэгета. Экзэгеза не можа быць ні звычайным інтэлектуальным практыкаваннем, ні “індывідуальным навуковым намаганнем”, але заўсёды павінна “супастаўляцца з жывой традыцыяй Касцёла, уключана ў яе і ёю пацверджана”, - гаварыў Бэнэдыкт XVI. Чатыры гады таму Пантыфік таксама выказаў упэўненасць у тым, што “у свеце, дзе навуковыя даследаванні з кожным разам атрымліваюць усё большае значэнне, неабходна, каб экзэгетычная навука выйшла на належны ўзровень”.







All the contents on this site are copyrighted ©.