2013-03-31 11:28:57

Святы Айцец: мы баімся сюрпрызаў Бога, Ён жа здзіўляе нас пастаянна!


RealAudioMP3 Папа Францішак падчас Пасхальнай Вігіліі перасцярог вернікаў ад скептыцызму і абыякавасці і заклікаў да адкрытасці на новае. “Давайце не замыкацца на тое новае, што Бог хоча ўнесці ў наша жыццё”, - сказаў ён падчас урачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра 30 сакавіка позна вечарам. “Не існуе ніводнай сітуацыі, якой Бог не мог бы змяніць, няма такога граху, якога Ён не мог бы нам прабачыць, калі адкрыемся на Яго”, - дадаў Святы Айцец. Паводле яго, сучасны чалавек баіцца новага ў сваёй штодзённасці. “Новае часта непакоіць нас, у тым ліку тое новае, што прыносіць нам Бог, новае, якога Ён чакае ад нас. Мы, як апосталы з Евангелля, часта мы больш схільныя трымацца таго, што пэўнае, стаяць ля магілы, думаючы аб памерлым, які ў канчатковым выніку жыве толькі ў памяці гісторыі, як адбываецца ў выпадку вялікіх дзеячаў мінулага. Мы баімся сюрпрызаў Бога. (...) Ён жа здзіўляе нас пастаянна!”, - звярнуў увагу Папа.

Нягледзячы на праліўны дождж, некалькі тысяч вернікаў прыйшло ў ватыканскую базыліку, каб прыняць удзел у літургіі на ўспамін аб уваскрасенні Хрыста. Падчас св. Імшы Пантыфік удзяліў чатыром асобам, маладым людзям з Албаніі, Італіі, Расіі і ЗША, сакрамэнты хросту і канфірмацыі.

З уваскрэсеннем Езус “не проста вярнуўся да жыцця, але Ён – само жыццё”, - адзначыў Папа ў сваёй гаміліі. “Езус не належыць ужо да мінулага, але жыве ў цяперашнім часе і скіраваны на будучыню, Ён з’яўляецца вечным “сёння” Бога”, - дадаў ён. Францішак заклікаў хрысціян прыняць Бога з даверам і быць гатовымі да таго новага, што адбываецца з Яго прыходам у жыццё чалавека. Кожны павінен навучыцца адчуваць дзеянне Бога, і не забывацца аб тым, што Бог ужо зрабіў у яго жыцці. “Праблемы, штодзённыя клопаты падштурхоўваюць нас да закрытасці ў сабе, у смутку, горычы... а там – смерць. Не шукайце там Таго, хто жыве!”, - заклікаў Святы Айцец і запэўніў, што Уваскрослы Хрыстус заўсёды побач са сваёй дапамогай.







All the contents on this site are copyrighted ©.