2013-03-31 09:53:21

Папа Францішак: з плашчаніцы Бог прамаўляе да нашага сэрца


RealAudioMP3 “Таксама і я станаўлюся разам з вамі перад святой Плашчаніцай і дзякую Пану, які праз сучасныя сродкі дае нам гэту магчымасць”, - з такімі словамі папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў тэлеадарацыі Турынскай плашчаніцы, якая прайшла 30 сакавіка вечарам на італьянскім тэлеканале “Rai Uno”. У сваім відэазвароце Пантыфік адзначыў, што глядзець на плашчаніцу трэба не проста назіраючы, але ўшаноўваючы – позіркам малітвы. “Я б сказаў больш: гэта дазвол на тое, каб глядзелі на нас. Гэта аблічча мае зачыненыя вочы, гэта аблічча памерлага, аднак Ён таямнічым чынам глядзіць на нас і прамаўляе ў маўчанні”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, выява Хрыста на плашчаніцы “прамаўляе да нашага сэрца і падштурхоўвае ўзыйсці на гару Кальварыю, глядзець на дрэва крыжа і пагрузіцца ў красамоўнае маўчанне любові”. “Дазволім гэтаму позірку, які глядзіць не ў нашы вочы, а ў сэрца, дасягнуць нас. Паслухаем тое, што ён хоча сказаць нам, у маўчанні, пераходзячы праз саму смерць”, - заклікаў Пантыфік. Ён адзначыў, што праз святую Плашчаніцу да нас даходзіць адзінае і апошняе Слова Бога: “Любоў, якая стала чалавекам, уцелавілася ў нашай гісторыі; міласэрная Любоў Бога, якая прыняла на сябе зло гэтага свету, каб вызваліць нас ад яго ўлады”.

Паводле Папы, аблічча з Плашчаніцы падобна на твары людзей, параненых адсутнасцю павагі, войнамі і насіллем. “Але аблічча з Плашчаніцы нясе нам вялікі спакой; гэта замучанае Цела адлюстроўвае веліч”, - сказаў ён і дадаў, што Плашчаніца кажа: “давярай, не губляй надзеі; сіла любові Божай, сіла Уваскрослага пераможа ўсё”. Папа закончыў сваё пасланне словамі малітвы св. Францішка перад крыжам, у якім Бядняк з Асізі прасіў Бога асвяціць цемру свайго сэрца, даць яму моцную веру, надзею і дасканалую любоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.