2013-03-29 13:30:17

Кардынал Дзівіш пра перспектывы кананізацыі Яна Паўла ІІ і новага Папу


RealAudioMP3 “Было б цудоўна, каб кананізацыя бл. Яна Паўла ІІ адбылася ў Год веры, або да канца лістапада 2013 г.”, - такое меркаванне выказаў арцыбіскуп Кракаўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш. У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” іерарх адзначыў, што быў бы рады, каб кананізацыйную св. Імшу цэлебраваў папа Францішак, бо ён падчас свайго пантыфікату будзе несумненна наследаваць Яна Паўла ІІ: знішчыць муры, шырока адчыніць дзверы Касцёла для ўсіх і наблізіць свет да Хрыста. Паводле іерарха, цяперашні Пантыфік мае падобны да Яна Паўла ІІ спосаб камунікацыі з людзьмі: паважае пратакол, але любіць гаварыць спантанна, простай і яснай мовай, і гэтым, паводле былога асабістага сакратара Яна Паўла ІІ, узбуджае сімпатыю да сябе.

Кардынал Дзівіш нагадаў, што будучы кардыналам Вайтыла змагаўся з камуністычным экстрэмізмам, а Берголія са скажэннямі “Тэалогіі вызвалення”. Ні Ян Павел ІІ, ні папа Францішак ніколі не прызнавалі, што марксізм можа вырашыць сацыяльныя праблемы свету. Арцыбіскуп Кракаўскі параўнаў таксама рэакцыю двух Пантыфікаў у бок пурпуратаў пасля абрання на Пасад св. Пятра. “Кардынал Берголіа сказаў: няхай Бог вам прабачыць за тое, што вы зрабілі!” , а кардынал Вайтыла ў 1978 г.: Што вы нарабілі?”. “Сэнс і іронія такія ж”, - заўважыў іерарх.

Гаворачы аб апошніх падзеях у Ватыкане, кардынал Дзівіш адзначыў патрэбу змен у Рымскай курыі, але яе праблемы шмат у чым перабольшаны СМІ. Тыя, хто там працуе, паводле былога асабістага сакратара Яна Паўла ІІ, гэта добрыя і падрыхтаваныя людзі. Кардынал Дзівіш выказаў надзею, што папа Францішак падтрымае яго намаганні, каб наступная Сусветная сустрэча моладзі адбылася ў Кракаве ў 2016 г., калі Польшча будзе святкаваць 1050-годдзе прыняцця хросту.








All the contents on this site are copyrighted ©.