2013-03-28 10:55:31

Папа: добры святар пазнаецца па тым, як намашчаны яго народ


RealAudioMP3 28 сакавіка папа Францішак узначаліў св. Імшу Хрызма, якая прайшла ў базыліцы св. Пятра ў прысутнасці вялікай колькасці святароў. У сваёй гаміліі ён заклікаў іх быць адданымі, дбайнымі пастырамі і сапраўднымі пасярэднікамі паміж людзьмі і Богам. Францішак нагадаў фрагмент з псальма, у якім апавядаецца пра намашчэнне каштоўным алеем першасвятара Аарона. “Вобраз алею, які сцякае, сыходзіць па барадзе Аарона да краёў яго сакральнай вопраткі – гэта вобраз святарскага намашчэння”, - адзначыў ён. “Каштоўны алей, які намашчае галаву Аарона не толькі распаўсюджвае водар вакол яго асобы, але сцякае і дасягае “перыферый”. Пан скажа яму ясна: тваё намашчэннне для бедных, для зняволеных, для хворых і тых, хто сумны і самотны. Намашчэнне не для таго, каб пахлі мы самі і тым больш не для таго, каб мы захоўвалі алей у ампулцы, а ён стаў тухлым ... а сэрца горкім”, - сказаў Пантыфік.

Затым Святы Айцец заклікаў святароў аддана абвяшчаць Евангелле і дбайна служыць сваім вернікам.

“Добры святар пазнаецца па таму як намашчаны яго народ. Калі нашы людзі намашчаны алеем радасці, гэта заўважна: напрыклад, калі выходзяць са св. Імшы з абліччамі атрымаўшых добрую навіну. Нашы людзі прымаюць Евангелле, якое абвяшчаецца з намашчэннем, прымаюць, калі Евангелле, якое прапаведуем, пранікае ў іх штодзённае жыццё, калі цячэ як алей Аарона аж да краёў рэальнасці, калі асвячае крайнія сітуацыі, “перыферыі” на якіх верны народ найбольш уразлівы на нападкі тых, хто хоча скрасці іх веру”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што для святара важна прыбываць у малітоўнай блізасці са штодзённымі цяжкасцямі, цярпеннямі, радасцямі, страхамі і надзеямі вернікаў. “Калі мы знаходзімся ў такіх адносінах з Богам і яго народам, а ласка праходзіць праз нас, тады мы з’яўляемся святарамі, пасярэднікамі паміж Богам і людзьмі”, - сказаў ён.

Акрамя таго, Папа заклікаў святароў “выйсці і паспрабаваць” намашчэнне, “яго моц і збаўчую эфектыўнасць: на “перыферыях” дзе ёсць пакуты, дзе праліваецца кроў, дзе сляпата, якая хоча бачыць, дзе ёсць зняволеныя многімі злымі панамі”. Францішак падкрэсліў, што святары, якія “мала выходзяць за ўласныя рамкі, не атрымліваюць “шчырай падзякі, якая нараджаецца ў сэрцы”. “Адсюль нараджаецца незадаволенасць некаторых, якія становяцца сумнымі і пераўтвараюцца ў свайго роду калекцыянераў антычнасці ці навінаў, замест таго, каб быць пастырамі “з пахам авечак”, пастырамі сярод сваіх статкаў, лаўцамі людзей”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.