2013-03-26 11:29:54

Святы Пасад заклікаў прыняць гуманітарна арыентаваную Дамову аб гандлі зброяй


RealAudioMP3 У гэтыя дні ў Нью-Ёрку праходзіць заключная канферэнцыя ААН па Дамове аб гандлі зброяй. Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры арганізацыі, арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат, настойліва заклікаў дэлегацыі працаваць разам, усведамляючы гістарычнасць падпісання дамовы. Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу, што дакумент павінен быць эфектыўнай і надзейнай базай для рэальнага і доўгатэрміновага спаўнення жадання людзей, жыць у больш надзейным і бяспечным свеце. Святы Пасад лічыць, што міжнародная сістэма гандлю зброяй павінна забяспечваць надзейную абарону ад перадачы зброі ў краіны, дзе такая зброя выкарыстоўваецца супраць грамадзянскага насельніцтва ў парушэнне міжнародных гуманітарных законаў аб правах чалавека. Акрамя таго, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў дэлегацыі да пераарыентацыі рэгулявання гандлю зброяй з уліку чыста эканамічных інтарэсаў на клопат па абароне чалавечага жыцця і сям’і.

Святы Пасад перасцярог ад уключэння ў Дамову тэрміну “гендэрнае насілле”, паколькі з яго вынікае рызыка выключэння велізарнай колькасці ахвяр узброенага насілля з абароны па Дамове.

Заключную канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па Дамове аб гандлі зброяй плануецца завяршыць 28 сакавіка.







All the contents on this site are copyrighted ©.