2013-03-26 11:39:17

Святы Айцец прыме першую групу біскупаў з візітам “ad limina”


RealAudioMP3 У перыяд з 15 па 19 красавіка папа Францішак прыме першую, падчас свайго пантыфікату, групу біскупаў з візітам “Ad limina apostolorum”. Гэта будуць іерархі з паўночна-італьянскага рэгіёна Трывенета. Візіт быў пацверджаны паведамленнем Венецыянскага Патрыярхата, апублікаваным на яго афіцыйным сайце 26 сакавіка. Новую серыю візітаў “ad limina” італьянскія біскупы пачалі ў студзені 2013 г. Бэнэдыкт XVI за некалькі апошніх месяцаў свайго пантыфікату паспеў прыняць іерархаў з некалькіх рэгіёнаў. У сакавіку візіты былі спынены ў сувязі з наступленнем перыяда “sede vacante”, але цяпер будуць адноўлены ў адпаведным парадку, устаноўленым нормамі Кананічнага права Каталіцкага Касцёла. Паводле іх, біскуп сістэматычна абавязаны прадстаўляць Святому Айцу справаздачу аб сітуацыі ў дыяцэзіі яму даверанай, прыбыўшы ў Вечны горад, каб ушанаваць магілы апосталаў. Візіт “ad limina” традыцыйна ўключае ў сябе тры моманты: малітву перад магіламі св. Пятра і св. Паўла, асабістую размову ў Папам і сустрэчы з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі для абмеркавання “канкрэтных праблем” дыяцэзій.








All the contents on this site are copyrighted ©.