Разважанні да Крыжовага шляху ў Калізеі з’явіліся ў рымскіх кнігарнях
Які шлях вядзе да
вечнага жыцця? “Езус адказаў на гэта пытанне, якое палае ў самай глыбіні нашага быцця,
прайшоўшы шляхам крыжа”, - так пачынаюцца разважанні да Крыжовага шляху, які пройдзе
ў Вялікую Пятніцу 29 сакавіка ў рымскім Калізей з удзелам папы Францішка. Яны былі
падрыхтаваны групай ліванскай моладзі пад кіраўніцтвам мараніцкага Патрыярха Антыёхіі
кардынала Бутраса Раі. 25 сакавіка разважанні з’явіліся на паліцах кнігарняў у выглядзе
маленькай брашуры, падрыхтаванай Ватыканскім выдавецтвам. Пасланне, якое змешчана
ў іх, закранае ўсе катэгорыі людзей. Напрыклад у І стацыі, дзе гаворка ідзе пра Пілата,
узгадваецца пра усіх, “хто выкарыстоўвае сваю ўладу для служэння несправядлівасці
і таптання чалавечай годнасці і права на жыццё”. Адначасова ў бок моцных гэтага свету
гучыць заклік, каб “валадарылі ў справядлівасці”. У IV стацыі, калі Езус сустракае
сваю Маці, аўтары Крыжовага Шляху скіроўваюць увагу на праблемы шматлікіх сем’яў і
заклікаюць маліцца, каб яны сталі “аазісамі любові, міра і спакою, на падабенства
Сям’і з Назарэта”. “О Езу, мы просім цябе за ўсіх маладых людзей, якія, прыгнечаныя
роспачу, сталі ахвярамі наркотыкаў, сект і вычварэнстваў. Вызвалі іх з гэтага рабства”,
- гаворыцца ў разважанні да XI стацыі, у якой узгадваецца ўкрыжаванне Хрыста.
Таксама
ўвага скіравана на шматлікія рызыкі, прысутныя ў сучасных грамадствах. Узгадваюцца
праблемы “сляпой свецкасці” і “гвалтоўнага фундаменталізма”, падзелаў у Касцёле, абортаў
і эўтаназіі, войнаў на Блізкім Усходзе. “Прыняцце цяжкасцяў, балючых падзей, смерці,
нараджае моцную надзею, жывую веру (...) Мы атрымалі свабоду дзяцей Божых, каб больш
не вяртацца да рабства; жыццё нам было дадзена ў поўні, каб не абмяжоўвацца існаваннем,
пазбаўленым прыгажосці і значэння”, - напісала ліванская моладзь на заканчэнне сёлетніх
разважанняў да Крыховага Шляху ў Калізеі.