2013-03-25 12:43:50

Моладзь чакае: Францішак пацвердзіў свой прыезд у Рыа-дэ-Жанейра


RealAudioMP3 Святы Айцец 24 сакавіка, падчас літургіі Пальмовай нядзелі, на галоўнай ватыканскай плошчы, пацвердзіў свой прыезд у Бразілію на сусветны моладзевы форум. “Моладзь Бразіліі чакае з нецярплівасцю сустрэчы з папам Францішкам”, - паведаміў арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра Арані Тэмпеста, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы Сусветных дзён моладзі, якія летам 2013 г. пройдуць у яго архідыяцэзіі. Гаворачы аб удзеле Пантыфіка ў гэтым форуме, іерарх адзначыў, што папа Францішак унясе ў яго дух беднасці і паспрыяе амаладжэнню мясцовага Касцёла, запрашаючы моладзь паставіць Езуса ў цэнтры свайго жыцця. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх адзначыў, што праграма моладзевага мерапрыемства будзе крыху адрознівацца ад той, якая была зацверджана Бэнэдыктам ХVI. Але галоўныя яе пункты застануцца без змен, Папа будзе ўдзельнічаць ва ўсіх асноўных цэлебрацыях Сусветных дзён моладзі.

Змены закрануць іншыя пункты праграмы, якія тычацца знаёмства Святога Айца з горадам і краінай, сустрэч з дзяржаўнымі ўладамі і сацыяльнымі і грамадскімі групамі. “У сувязі з гэтым, мы апрацавалі новую праграму, унеслі прапановы, што будуць прадстаўлены Святому Айцу, які іх павінен будзе зацвердзіць да канца красавіка, пачатку мая”, - паінфармаваў арцыбіскуп Тэмпеста.

Іерарх таксама адзначыў, што Рыа-дэ-Жанейра, куды прыбудзе моладзь з усяго свету, гэта горад з вялікай гісторыяй, але вельмі моладзевы, жыхары якога адзначаюцца вялікай рэлігійнасцю, аднак маюць праблемы, звязаныя з беднасцю і насіллем. “Думаю, што Хрыстус Адкупіцель, статуя якога ўзносіцца над Рыа-дэ-Жанейра, з’яўляецца добрым вобразам гэтага горада, які жадае прыняць усіх з распасцёртымі рукамі”, - заявіў арцыбіскуп Тэмпеста.








All the contents on this site are copyrighted ©.