2013-03-24 13:23:38

Рэха сустрэчы Святога Айца з прадстаўнікамі канфесій і рэлігій


RealAudioMP3 Не змаўкаюць станоўчыя каментары пасля сустрэчы Пантыфіка з прадстаўнікамі іншых канфесій і рэлігій 20 сакавіка. “Мой візіт у Рым быў вельмі плённым. Мы адкрылі новую старонку супрацоўніцтва з папам Францішкам”, - сказаў Патрыярх Канстантынопальскі. “Гэта пойдзе на карысць не толькі нашым Цэрквам, але і ўсім людзям”, - дадаў ён. Падчас прэс-канферэнцыі ў Стамбуле Барталамей І заявіў журналістам, што Святы Айцец быў у захапленні ад прапановы агульнага падарожжа ў Іерусалім у 2014 г. Іерарх узгадаў, што Папа наведае Турцыю. “Прэзідэнт павінен запрасіць яго, і я ўпэўнены, што ён гэта зробіць”, - сказаў Патрыярх.

Акрамя таго, настаяцель супольнасці Тэзэ браў удзел у аўдыенцыі папы Францішка для экуменічных дэлегацый. Брат Алоіс прыняў удзел таксама ў інтранізацыі кіраўніка Англіканскай Царквы, архіепіскапа Джасціна Уэлбі 21 сакавіка. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кіраўнік экуменічнай супольнасці падкрэсліў важнасць гэтых падзей. Ён спаслаўся на словы Папы: “Калі Пантыфік прамаўляў да дэлегацый Цэркваў, падкрэсліў вельмі ясна, што мы павінны ісці па шляху бачнага адзінства. Я быў рады, што Папа сказаў аб абароне нашага свету. Не рабіў адрозненняў. Ён падкрэсліў, што Бог з’яўляецца Створцам усіх чалавечых істот, і мы павінны пастаянна паглыбляць наш удзел у лёсе маргіналізаваных і бедных. Святы Дух жыве і дае жыццё Касцёлу. Гэта было прыгожа, бачыць, як папу Францішка віталі на плошчы св. Пятра. Я быў там разам з тысячамі іншых людзей. Яго вітала таксама шматлікая моладзь. Мы можам мець надзею, што і новы Папа і Арцыбіскуп Кентэрберыйскі будуць мець уплыў на маладых людзей”, - сказаў настаяцель супольнасці Тэзэ.







All the contents on this site are copyrighted ©.