2013-03-24 11:48:38

Папа ў Пальмовую нядзелю: хрысціянін не можа быць сумным


RealAudioMP3 Літургія Пальмовай нядзелі сабрала на плошчы св. Пятра ў Ватыкане вялікія масы вернікаў з усяго свету. У пачатку дыякан зачытаў урывак з Евангелля паводле св. Лукі, які распавядае пра трыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалем, пасля чаго Папа асвяціў пальмы і працэсія адправілася вакол плошчы перад ватыканскай базылікай. У ёй ішлі кардыналы і біскупы, якія канцэлебравалі св. Імшу са Святым Айцом, а таксама многія свецкія, сярод якіх асабліва заўважалася моладзь. У працэсію ўключыўся і сам папа Францішак. У сваёй гаміліі падчас св. Імшы ён засяродзіўся на трох словах: радасць, крыж і моладзь. Першае звязана з трыумфальным уездам Езуса ў Ерузалем. Святы Айцец параўнаў атмасферу на ватыканскай плошчы з тым, што адбывалася з вучнямі, якія віталі Хрыста, як Караля, расцілаючы перд ім сваё адзенне. “І мы таксама прынялі Езуса. І мы таксама выказалі радасць, што ідзём разам з Ім і ведаем, што Ён побач з намі, прысутнічае ў нас і сярод нас, як сябар, брат, а таксама як Валадар, гэта значыць, як яркае святло, якое з’яўляецца арыенцірам нашага жыцця. Езус ёсьць Богам, але прынізіў сябе, каб ісці з намі. Ён – наш сябар, наш брат. Ён асвятляе нас на нашым шляху. І мы запрасілі Яго сёння. І гэта першае слова, якое хачу падкрэсліць: радасць! Ніколі не будзьце мужчынамі і жанчынамі сумнымі: хрысціянін не можа быць сумным! Не паддавайцеся знеахвочанню! Наша радасць узнікае не ад валодання мноствам рэчаў, але нараджаецца ад сустрэчы з Асобай: Езусам, які знаходзіцца пасярод нас; нараджаецца ад ведання, што, калі мы з Ім, мы ніколі не самотныя, нават у цяжкія часы, нават тады, калі на дарозе жыцця мы сутыкаемся з праблемамі або цяжкасцямі, якія здаюцца непераадольнымі, і іх так шмат! Менавіта ў гэты момант прыходзіць вораг, прыходзіць д’ябал, пад выглядам анёла шмат разоў і падступна кажа нам сваё слова. Не слухайце яго! Мы ідзём за Езусам! Мы побач, ідзём за Езусам, але перш за ўсё ведаем, што Ён суправаджае нас і падтрымлівае: у гэтым наша радасць, надзея, якую мы павінны ўносіць у наш свет. І, калі ласка, не дайце скрасці ў сябе надзею! Не дайце скрасці надзею! Тую, якую дае нам Езус”, - запрасіў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Езус уваходзіць да Ерузалему, каб памерці на крыжы. “На самым пачатку натоўп абвяшчае Яго каралём, і Ён не адмаўляецца”, “але якім каралём з’яўляецца Езус?”, - задаў пытанне Пантыфік і запрасіў прыглядзецца да Яго, які едзе вярхом на асле, не мае світы, якая ідзе за Ім, Яго не акружае войска. “Яго прымаюць людзі пакорныя, простыя. – заўважыў Папа – Езус не ўваходзіць ў Святы Горад, каб атрымаць пашану, якая належыць зямным каралям. (...) Уваходзіць, каб атрымаць цярновы вянок, быць збітым, атрымаць пурпуровую мантыю, Яго валадарства будзе прадметам насмешак. Уваходзіць, каб узысці на Галгофу, несучы дрэва крыжа. І тут з’яўляецца другое слова: Крыж”, - звярнуў увагу Францішак. Езус пайшоў на гэта, каб узяць на сябе грахі свету, падкрэсліў Пантыфік. Тут ён назваў: “войны, насілле, эканамічныя канфлікты, якія б’юць у найслабейшых, прага грошай, улады, карупцыя, падзелы, злачынствы супраць чалавечага жыцця і створанаму свету”. Езус прыйшоў таксама дзеля адкуплення нашых асабістых грахоў, звярнуў увагу Папа, “адсутнасці любові і павагі да Бога, бліжняга і ўсяго стварэння”. Менавіта Крыж перамог зло, падкрэсліў Святы Айцец. Таму мы не можам верыць Злому, “які нам кажа: нічога не можаш зрабіць супраць насілля, карупцыі, несправядлівасць, супраць тваіх грахоў! Нам ніколі не можна прызвычаіцца да зла. З Хрыстом мы можам перамяніць саміх сябе і свет”, - падкрэсліў Папа. Для гэтага трэба не баяцца выйсці з закрытасці ў саміх сабе і пайсці да іншых.

Святы Айцец прывітаў моладзь, сабраную на ватыканскай плошчы, і сказаў, што менавіта яна вучыць усіх несці радасць веры і перажываць веру маладым сэрцам. “З Хрыстом сэрца ніколі не старэе!”, - падкрэсліў Папа і запрасіў моладзь “не саромецца свайго крыжа”, бо ў самаахвяраванні месціцца сапраўдная радасць, што Бог перамог зло любоўю. Святы Айцец паабяцаў маладым людзям, што сустрэнецца з імі летам гэтага года на Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра і запрасіў іх добра падрыхтавацца, каб гэта сустрэча стала “знакам веры для ўсяго свету”.

Папа Францішак звярнуўся з просьбай да Найсвяцейшай Панны Марыі, каб яна навучыла ўсіх хрысціян радасці сустрэчы з Хрыстом і любові, з якой трэба глядзець на Яго пад Крыжом.







All the contents on this site are copyrighted ©.