2013-03-22 11:31:48

Папа да дыпламатаў: змагацца з беднасцю, будаваць мір і масты паміж сабой


RealAudioMP3 “Змагацца з беднасцю, як матэрыяльнай, так і духоўнай, будаваць мір і масты”, - з такім заклікам звярнуўся папа Францішак да краін, дыпламатычных прадстаўнікоў якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 22 сакавіка. Характарызуючы прынцыпы ватыканскай дыпламатыі, Святы Айцец падкрэсліў, што Апостальскую Сталіцу хвалюе перш за ўсё “дабро чалавецтва”. “Менавіта са разуменнем гэтага Біскуп Рыма пачынае сваё служэнне, ведаючы, што можа разлічваць на сяброўства і павагу краін, якія вы прадстаўляеце, і з упэўненасцю, што і вы падзяляеце гэта”, - сказаў ён. “Як вы ведаеце, існуюць розныя прычыны таго, што я выбраў сваё імя з думкай пра св. Францішка Асізскага, асобу добра вядомую па-за межамі Італіі і Еўропы і нават сярод тых, хто не вызнае каталіцкую веру. Адна з першых – гэта любоў, якую Францішак меў да бедных. Колькі бедных ёсць яшчэ ў свеце! І колькі пакутаў сустракаюць гэтыя людзі!”, - звярнуў увагу Папа. Ён нагадаў, што па прыкладзе св. Францішка Касцёл пастаянна спрабуе клапаціцца аб іх і абараняць. “Думаю, што ў многіх з вашых краін вы можаце ўпэўніцца ў шчырай працы хрысціян, якія дапамагаюць хворым, сіротам, бездомным і ўсім тым, хто знаходзіцца на ўзбочыне жыцця. Яны працуюць для пабудовы больш чалавечага і справядлівага грамадства”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу на існаванне іншай беднасці – духоўнай, якая цяжка закранула таксама краіны, якія лічацца багатымі. “Мой папярэднік, дарагі і шаноўны Бэнэдыкт XVI, называў яе “дыктатурай рэлятывізма”, якая пакідае чалавека лічыцца толькі з самім сабой і пагражае суіснаванню паміж людзьмі. “І так, я прыйшоў да другой прычыны абрання майго імя. Св. Францішак кажа нам: працуйце дзеля пабудовы міра! Але не існуе сапраўдага міра без праўды! Не можа быць сапраўднага міра, калі кожны лічыцца толькі з самім сабой, калі кожны сцвярджае пастаянна і выключна ўласныя правы, не клапоцячыся пра дабро іншых, усіх, пачынаючы ад прыроды, якая яднае кожнага чалавека на гэтай зямлі”, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што адзін з тытулаў Біскупа Рыма – “Пантыфік” – той, хто будуе масты, з Богам і паміж людзьмі. Францішак адзначыў, што ўжо само яго паходжанне падштурховае да будавання мастоў. “Як ведаеце, мая сям’я мае італьянскія карані, таму ў ва мне заўсёды жывы гэты дыялог паміж месцамі і культурамі, далёкімі паміж сабой; паміж адным канцом свету і другім, якія сёння становяцца ўсё больш блізкімі, узаемазалежнымі, маючымі патрэбу ў сустрэчы і стварэнні рэальных прастораў сапраўднага братэрства", - сказаў ён.

“У гэтай справе фундаментальнай з’яўляецца таксама роля рэлігіі. Не магчыма будаваць мастоў паміж людзьмі, забыўшыся пра Бога. Але праўдай таксама з’яўляецца тое, што не магчыма жыць сапраўднымі сувязямі з Богам, ігнаруючы іншых. Таму важна зрабіць больш інтэнсіўным дыялог паміж рознымі рэлігіямі, я думаю ў першую чаргу пра іслам”, - сказаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на тое, што змаганне з беднасцю, будаванне міра і мастоў паміж людзьмі будзе “цяжкім шляхам, калі не навучымся больш і больш любіць нашу Зямлю”. Ён нагадаў, што св. Францішак навучаў глыбокай павазе да ўсяго стварэння, абароны навакольнага асяродзя, “якое мы часта не выкарыстоўваем для дабра”.

Напрыканцы Святы Айцец падзякаваў дыпламатам за тое, што яны разам з Дзяржсакаратарыятам працуюць на карысць пабудовы міра і мастоў сяброўства і братэрства.








All the contents on this site are copyrighted ©.