2013-03-22 12:30:18

Глабальная дыпламатыя Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца мае дыпламатычныя адносіны, на розных узроўнях са 180 краінамі свету. Апошняй дзяржавай, з якой яны былі ўстаноўлены, з’яўляецца Паўднёвы Судан. Гэта адбылося 22 лютага 2013 г. Святы Пасад таксама падтрымлівае дыпламатычныя адносіны спецыяльнага тыпу з рознымі міжнароднымі арганізацыямі, рэгіянальнымі аб’яднаннямі, а таксама Еўрапейскім Саюзам, Суверэнным Мальтыйскім Ордэнам і Арганізацыяй вызвалення Палестыны. Сетка дыпламатычных сувязяў Апостальскай Сталіцы з’яўляецца адной з самых шырокіх у свеце, таму яе часта называюць унікальным прыкладам “глабальнай дыпламатыі”.

Сярод еўрапейскіх краін, самыя доўгія дыпламатычныя адносіны са Святым Пасадам мае Іспанія. Яны доўжацца з XV ст. З Галандыяй такія адносіны былі заключаны яшчэ ў 1829 г., з Манака ў 1875 г., а Люксембургам у 1891 г. Многія лацінаамерыканскія краіны таксама маюць дыпламатычныя адносіны з Апостальскай Сталіцай з ХІХ ст. У 1877 г. іх заключылі Аргентына, Уругвай, Парагвай, Перу і Балівія. У 1929 г. – Бразілія, а ў 1935 г. – Куба.

Большасць краін, з якімі Святы Пасад не мае дыпламатычных адносін, знаходзяцца на азіяцкім кантыненце. Сярод іх такія дзяржавы як: Афганістан, Саўдаўская Аравія, Кітай, Паўночная Карэя, Бірма, Вьетнам і некаторыя іншыя.

Сярод афрыканскіх краін не маюць дыпламатычных адносін з Апостальскай Сталіцай толькі Самалі і Маўрытанія. Але тут прысутнічаюць прадстаўнікі Папы пры мясцовым Касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.