Папа Францішак прыняў запрашэнне Барталамея І наведаць яго рэзідэнцыю
20 сакавіка ў Ватыкане
адбылася сустрэча папы Францішка і Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея I, паведаміла
грэчаскае агенцтва “Amen.gr”. Пантыфік прыняў запрашэнне Прадстаяцеля наведаць патрыяршую
рэзідэнцыю ў стамбульскім квартале Фанар. Акрамя таго, было вырашана, што Папа і Патрыярх
сустрэнуцца ў студзеня 2014 г. у Іерусаліме ў 50-годдзе гістарычнага спаткання Паўла
VI і Патрыярха Афінагора, вынікам якого стала зняцце ўзаемных экскамунік, накладзеных
падчас Вялікай схізмы ў 1054 г. Сустрэча кіраўнікоў Цэркваў у 1964 г. стала першай
пасля расколу. У 1980 г. быў пачаты тэалагічны дыялог паміж католікамі і праваслаўнымі,
які працягваецца да гэтага часу.
Гутарка папы Францішка і Патрыярха Барталамея
праходзіла ў сардэчнай абстаноўцы. Яны выказалі жаданне супрацоўніцтва ў сферы дабрачыннасці
і экалогіі і выказаліся за паглыбленне тэалагічнага дыялогу. Акрамя таго, новаабраны
Папа згадзіўся прыняць удзел у адкрыцці выставы, арганізаванай Канстантынопальскім
Патрыярхатам і прысвечанай святой Гары Афон, якая будзе праходзіць у 2015 г. у палацы
Прэзідэнта Італіі.