2013-03-20 10:55:29

Прэзідэнт ФІФА павіншаваў Святога Айца


RealAudioMP3 Прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блатэр павіншаваў папу Францішка з пачаткам яго служэння на Пасадзе св. Пятра. “Свет футбола вельмі рады Вашаму абранню, даведаўшыся, што Ваша Святасць з’яўляецца вялікім прыхільнікам нашага спорту”, - напісаў Блатэр у асабістым лісце да Пантыфіка, які абнародавала футбольная федэрацыя 19 сакавіка ў Цюрыху. Шэф ФІФА спаслаўся на тое, што кардынал Хорхе Марыа Берголіа доўгія гады з’яўляўся заўзятарам аргентынскага клуба Сан-Ларэнса дэ Альмагра.

Клуб першага дывізіёна з Буэнас-Айрэса заснаваў каталіцкі святар Ларэнца Маса на пачатку XX-га стагоддзя, стварыўшы на заднім двары касцёла ў раёне Флорэс-Альмагра спартыўную пляцоўку. Папа Францішак таксама жыў у раёне Флорэс. У 2011 г., будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, ён адправіў для заўзятараў Сан-Лоренсо св. Імшу на стадыёне клуба.

Паводле прэзідэнта ФІФА, вера ў Бога і вера ў футбол “падзяляюць агульныя каштоўнасці”. “Як і вера, футбол можа будаваць масты, дарыць радасць і надзею і перш за ўсё яднасць людзей ва ўсім свеце”, - напісаў да Папы Ёзэф Блатэр.







All the contents on this site are copyrighted ©.