2013-03-19 11:15:08

Папа Францішак: не баяцца дабрыні і пяшчотнасці


RealAudioMP3 “Мы не павінны баяцца дабрыні і нават больш – пяшчотнасці!”, - сказаў папа Францішак падчас св. Імшы на пачатак свайго служэння на плошчы св. Пятра 19 сакавіка. У ёй прынялі ўдзел больш за 200 тыс. чалавек, у тым ліку афіцыйныя прадстаўнікі 132 краін і міжнародных арганізацый, 33 рэлігій і веравызнанняў. Падчас літургіі Святы Айцец атрымаў сімвалы папскай улады – папскі палій і Пярсцёнак Рыбака, а таксама прыняў абяцанне паслухмянасці з боку прадстаўнікоў Калегіі кардыналаў. У сваёй гаміліі Францішак звярнуў увагу на асобу св. Юзафа. Ён нагадаў, што апякун Езуса жыў сваім пакліканнем абаронцы будучы адкрытым на знакі і задумы Бога. “Менавіта гэтага Бог прасіў ад Давіда (...): Бог не хоча дома, пабудаванага чалавекам, але хоча вернасці да свайго слова, свайго плана; Бог сам будуе дом, але з жывых камянёў, пазначаных Яго Духам”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што св. Юзаф здолеў быць абаронцам, таму што ўмеў слухаць Бога і выконваць яго волю. “Менавіта таму ён быў уважлівым да людзей яму давераных, умеў з рэалізмам глядзець на падзеі і быў здольным прымаць мудрыя рашэнні”,- падкрэсліў Папа. “У ім, дарагія сябры, мы бачым, як адказваць на пакліанне Бога, з адкрытасцю і гатоўнасцю. Але таксама бачым, дзе цэнтр хрысціянскага паклікання: у Хрысце. Будзем бараніць Хрыста ў нашым жыцці, для таго, каб бараніць іншых, бараніць стварэнне!”, - заклікаў ён.

Папа звярнуў увагу на тое, што абавязак клопату тычыцца не толькі хрысціян. Ён нагадаў, што сёння абароны патрабуе кожнае стварэнне і асяроддзе, створанае Богам, кожны чалавек, асабліва дзеці і старыя, самыя слабыя і тыя, хто часта знаходзіцца “на перыфірыі нашага сэрца”. “Будзем усе абаронцамі дароў Божых!”, - заклікаў ён.

“Калі чалавек менш разумее гэту адказнасць, калі не клапоціцца аб стварэнні і братах, тады з’яўляюцца канфлікты і злоба ў сэрцы. У кожную гістарычную эпоху, нажаль, ёсць “Ірады”, якія рэалізуюць смяротныя задумы, разбураюць і зневажаюць аблічча мужчыны і жанчыны”, - сказаў Святы Айцец.

“Я б хацеў папрасіць аб паслузе ўсіх тых, хто займае адказныя пасады ў эканамічнай, палітычнай ці сацыяльнай сферы, усіх мужчын і жанчын добрай волі: будзем “абаронцамі” стварэння, плану Божага, запісанага ў прыродзе, абаронцамі іншага чалавека, навакольнага асяроддзя; не дазволім, каб знакі знішчэння і смерці суправаджалі шлях гэтага свету! Але, каб “бараніць”, мы павінны клапаціцца аб саміх сябе! Будзем памятаць, што нянавіць, помста, пыха забруджваюць жыццё! Бараніць, азначае чуваць над сваімі пачуццямі, сэрцам, таму што з іх выходзяць добрыя і злыя інтэнцыі: тыя, якія будуюць і якія знішчаюць! Мы не павінны баяцца дабрыні, і нават пяшчонасці!”, - заклікаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што пяшчотнасць, якая часта лічыцца цнотай слабых, з’яўляецца духоўнай моцай і здольнасцю да ўвагі, спачування, сапраднай адкрытасці на іншага, любові.

Святы Айцец нагадаў, што ва ўрачыстасць св. Юзафа адзначаецца пачатак служэння новага Біскупа Рыма, якое прадугледжвае ўладу. “Але аб якой уладзе ідзе гаворка?”, - спытаў ён і адразу ж адказаў, што сапраўдная ўлада – гэта служэнне. “Папа, для таго, каб яе ажыццяўляць, павінен усё больш уваходзіць у тое служэнне, якое мае сваю кульмінацыю ў Крыжы. Ён павінен глядзець на пакорнае, канкрэтнае, узбагачанае верай служэнне св. Юзафа, і, як ён, адкрыцца для абароны усяго Народу Божага і прыняць з любоўю і пяшчотай усё чалавецтва, асабліва самых бедных, слабых, маленькіх, тых, пра каго св. Мацвей напісаў, гаворачы пра апошні суд любові: хто галодны, хто прагунуў, быў падарожным, голым, хворым, зняволеным”. “Толькі той, хто служыць з любоўю – здольны бараніць!”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.