2013-03-18 14:18:25

Кс. Ламбардзі: пярсцёнак Папы не будзе залатым


RealAudioMP3 Кс. Ламбардзі падзяліўся падрабязнасцямі аб парадку інаўгурацыйнай св. Імшы, якая адбудзецца 19 сакавіка на галоўнай ватыканскай плошчы. Падчас сустрэчы з журналістамі 18 сакавіка, ён адзначыў, што ў мінулым гэта літургія называлася “інтранізацыйнай”, “але назва, якую сёння ўжываць больш правільна: св. Імша на пачатак пятровага служэння біскупа Рыма”, - сказаў езуіт. Ён падкрэсліў, што ў адносінах да гэтай літургіі можна таксама ўжываць слова “інаўгурацыйная”. Кс. Ламбардзі расказаў, што падчас яе будзе звяртацца вялікая ўвага на асобу св. Пятра, наступнікам якога з’яўляецца Папа. “Цырымонія пачнецца каля магілы св. Пятра, у цэнтры базылікі, пад галоўным алтаром”, - сказаў ён і дадаў, што потым, працэсія пройдзе на галоўную ватыканскую плошчу – месца мучаніцтва Князя Апосталаў. “Гэта месца раней займаў цырк Нейрона”, – патлумачыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Езуіт таксама распавёў, што на шляху з сакрыстыі да магілы св. Пятра, Папу Францішка будуць суправаджаць Патрыярхі архіепіскапы самых вялікіх Усходніх Каталіцкіх Цэркваў – каля 10 чалавек, сярод якіх 4 з’яўляюцца кардыналамі. Каля магілы Князя Апосталаў будуць прыгатаваны палій і Пярцёнак Рыбака, якія кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран урачыста перадасць Папе. Кіраўнік Залы Друку расказаў, што Папа зацвердзіў выяву, якая была змешчана на Пярцёнку Рыбака – св. Пётр з ключамі. Ён удакладніў, што пярцёнак не будзе залатым, але толькі з пазалочанага серабра. Яго зрабіў італьянскі мастак Энрыка Манфрыні.

Таксама стала вядома, што канцэлебраваць св. Імшу будуць 180 чалавек, сярод якіх кардыналы, Патрыярхі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, а таксама генералы Ордэна меншых братоў і езуітаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.