2013-03-17 11:45:11

Папа Францішак: Бог не стамляецца прабачаць


RealAudioMP3 Для мяне самым моцным пасланнем Пана з’яўляецца Яго міласэрнасць, сказаў Папа Францішак у сваёй гаміліі ў ватыканскім касцёле св. Ганны, раніцай 17 сакавіка. У казанні Святы Айцец спаслаўся на евангельскі ўрывак, у якім распавядаецца пра жанчыну, якую кніжнікі і фарысеі прывялі да Езуса. Паводле закона, яна павінна была быць укаменяванай, аднак Езус ёй дараваў правіны, сказаўшы: “Я не асуджаю цябе, ідзі і адгэтуль больш не грашы”. Папа падкрэсліў прыгажосць гэтага фрагменту, які папярэдзіў малітву Езуса на Аліўнай гары. Пантыфік дадаў, што Хрыстус зноў вярнуўся да святыні, і за Ім ішлі напоўпы людзей. "Езус быў сярод людзей, аднак уканцы Ён застаўся сам-насам з гэтай грэшніцай ", – падкрэсліў Папа і дадаў, што гэтая самотнасць з’яўляецца плённай, гэта самотнасць малітвы ў адзінстве з Айцом і будучы такой прыгожай, яна з’яўляецца сённяшнім пасланнем Касцёла, пасланнем міласэрнасці адносна гэтай жанчыны.

Затым Папа Францішак падкрэсліў, што сярод натоўпаў народу можна было заўважыць вялікія розніцы. “Былі людзі, якія ішлі да Хрыстуса, які сядаў і навучаў іх”, гэта былі тыя, якія хацелі слухаць слова Езуса. Народ з адкрытым сэрцам, які меў патрэбу ў Божым Слове”,- адзначыў Папа, але дадаў, што і “былі таксама і іншыя, якія не чулі нічога, якія прыйшлі разам з той жанчынай і жадалі яе асудзіць. “Думаю, што таксама і мы з’яўляемся тымі людзьмі, якія з аднаго боку хочуць слухаць Езуса, але з іншага боку нам часта падабаецца зняважаць і асуджаць іншых”, - адзначыў Святы Айцец і запытаўся: “Ці ж гэта непраўда?”, калі ж пасланнем Езуса з’яўляецца міласэрнасць. “Для мяне, гавару гэта з пакораю, самым моцным пасланнем Езуса з’яўляецца міласэрнасць, бо ж Ён сам сказаў ”Я не прышоў да праведнікаў: яны самі апраўдаюцца. Але ж Езус прыйшоў да грэшнікаў”, - нагадаў Папа Францішак.

Пасля св. Імшы Пантыфік прывітаўся з вернікамі парафіі св. Ганны, замяняючы з кожным некалькі слоў. Людзі пляскалі ў далоні і ўзносілі вокрыкі “Францішак, Францішак”.








All the contents on this site are copyrighted ©.