2013-03-16 12:18:01

СМІ пра абранне Папы Францішка: гэта Касцёл, які заўсёды ўмеў здзіўляць


RealAudioMP3 Выбар Папы Францішка на Пасад св. Пятра выклікаў вялікі сусветны рэзананс. Яго фотаздымкі размясцілі на першых палосах самыя буйныя газетныя выданні ў свеце. Таксама і пасля двух дзён пантыфіката, цікаваць да асобы новаабранага Пантыфіка не знікае, а наадварот умацоўваецца дзякуючы незвычайным, простым і зразумелым жэстам Святога Айца. Сённяшняя “L’Osservatore Romano” прыводзіць на сваіх старонках некаторыя цытаты з артыкулаў прысвечаных асобе новага Наступніка св. Пятра. “Гэта магчыма, каб Папа, які прыйшоў здалёк, мог навучыць чамусці тых, хто лічыць сябе цэнтрам сусвету”, - адзначаецца на старонках амерыканскага “The Wall Street Journal”. У артыкуле пад загалоўкам “Новы Папа пачаў ад пакорных жэстаў” падкрэсліваецца падвоеннае паходжанне Святога Айца: ад народа і “з далёкай зямлі”.

Іспанская газета “La Razon” звяртае увагу на каталіцкія карані Аргентыны – радзімы новага Пантыфіка. Адзначаецца, што вера тут глыбока укаранёная ў культуры і праяўляецца ў розных аспектах асабістага і грамадскага жыцця. “Аргентына – гэта адзінае месца на зямлі дзе падчас прафсаюзных маніфестацый моляцца ружанцовай малітвай і звяртаюцца да Маці Божай Луханскай. Кожны дзень тут збіраюцца доўгія чэргі тых, хто хоча прасіць св. Каэтана дапамагчы ў пошуку працы. Яшчэ да нядаўняга часу, паводле Канстытуцыі, толькі католік мог стаць Прэзідэнтам Рэспублікі”, - адзначаецца ў выданні.

Ватыканіст італьянскага “Corriere della sera” Альда Кадзула, адзначае, што абранне папы Францішка, гэта штуршок не толькі для Касцёла, але для ўсяго свету. “Адвага з якой новы Папа хоча змагацца з карупцыяй, інтрыгамі, ганарлівасцю, эгаізмам не абмяжуецца толькі ватыканскімі мурамі ці агароджамі парафій”, - адзначыў журналіст і выказаў меркаванне, што Святы Айцец будзе натхняць не толькі палітыкаў, але таксама “сумленні ўсіх і кожнага”.

Французская “Le Monde” параўноўвае жэсты новага Папа са знакамітым заклікам Яна Паўла ІІ “Не бойцеся!”, а італьянская “ Il Messaggero” звяртае увагу на тое, што Касцёл, абраўшы Пантыфікам, таго, пра каго СМІ нават і не думалі зрабіў вялікае павучэнне, тым хто любіць рабіць прагнозы. “Гэта Касцёл, які заўсёды ўмее здзіўляць робячы крокі наперад, калі ўсе чакаюць крокаў назад”, - гаворыцца ў газеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.