2013-03-14 10:06:39

Не выключана, што першы замежны візіт Францішка будзе ў Бразілію


RealAudioMP3 Першая замежная паездка папы Францішка можа адбыцца ў Бразілію, на Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Афіцыйны сайт галоўнай каталіцкай моладзевай падзеі абвясціў праз некалькі гадзін пасля абрання Пантыфіка, што апошні сустрэнецца з маладымі людзьмі з усяго свету. Да гэтага часу на інтэрнэт-рэсурсе паведамлялася аб удзеле ў мерапрыемстве Бэнэдыкта XVI. Сусветныя дні моладзі пройдуць з 23 па 28 ліпеня 2013 г. На іх чакаецца ад двух да трох мільёнаў чалавек. 11 лютага, у дзень абвяшчэння аб адстаўцы Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра Арані Хоао Тэмпеста заявіў, што ён разлічвае на ўдзел у моладзевым форуме наступнага Папы, бо прысутнасць на ім Наступніка св. Пятра з’яўляецца сталай традыцыяй.

Падобная сітуацыя была ўжо ў найноўшай гісторыі Касцёла, калі на Пасад св. Пятра ўступіў Бэнэдыкт XVI. Пасля смерці Яна Паўла II менавіта цяперашні Папа на пенсіі паехаў замест яго на Сусветныя дні моладзі ў Кёльн летам 2005 г. Гэта быў таксама першы візіт Пантыфіка ў яго родную краіну. Святы Пасад пакуль не пацвердзіў, што Францішак прыедзе ў Рыа-дэ-Жанейра.







All the contents on this site are copyrighted ©.