2013-03-13 12:37:55

Лоджыя базылікі св. Пятра – месца абвяшчэння аб выбары Пантыфіка


RealAudioMP3 Толькі 7 апошніх Рымскіх Пантыфікаў, адразу пасля абрання на Пасад св. Пятра, з’яўляліся на балконе цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра, каб прывітаць вернікаў і ўдзяліць ім благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Пачатак традыцыі даў папа Пій ХІ, абраны падчас канклава ў 1922 г. У гэты перыяд яшчэ не было вырашана так званае “Рымскае пытанне”, якое ўзнікла ў 1870 г., калі ўрад Аб’яднанага Каралеўства Італіі захапіў частку тэрыторыі Папскай дзяржавы, а тагачасны папа Пій ІХ абвясціў сябе “вязнем Ватыкана”.

Рашэнне Пія ХІ, з’явіцца на балконе базылікі св. Пятра, мела два важных гістарычных значэнні. Па-першае, новаабраны Пантыфік жадаў адкрыць нанава лоджыю, якая была “замкнута” з 1870 г., што з’яўлялася свайго роду сімвалам “зняволення” Наступніка св. Пятра. Па-другое, Папа хацеў прадэманстраваць сваё жаданне знайсці шляхі прымірэння з Каралеўствам Італіі, што было пазней пацверджана падпісаннем так званых “Латэранскіх пагадненняў” у 1929 г., дзякуючы чаму была створана новая папская дзяржава – Ватыкан.

Таксама наступнікі Пія ХІ, непасрэдна пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра, з’яўляліся на балконе цэнтральнай лоджыі базылікі, каб удзяліць усім вернікам благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Цікава, што толькі тры апошнія Пантыфікі, апрача благаслаўлення, скіравалі некалькі слоў да вернікаў. Традыцыю распачаў Ян Павел І, яе працягнулі Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Павел VI у 1963 г. таксама жадаў сказаць некалькі слоў прывітання да сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай, але яму певедамілі, што гэта не адпавядае пантыфікальнаму пратаколу.








All the contents on this site are copyrighted ©.