2013-03-13 14:50:50

Кс. Ламбардзі: неабранне Папы ў першых галасаваннях – гэта нармальная з’ява


RealAudioMP3 Каментуючы вынікі першых двух сесій галасавання, падчас якіх ніводзін з кардыналаў не набраў патрэбнага мінімуму ў 77 галасоў, каб быць абраным на Пасад св. Пятра, кс. Фэдэрыка Ламбардзі аднаначыў, што гэта “нармальна”. 13 сакавіка, падчас сустрэчы з журналістамі ў ватыканскім медыя-цэнтры, ён узгадаў, што толькі ў 1939 г. папа Пій ХІІ быў абраны ў выніку трэцяга галасавання. На ўсіх іншых канклавах на працягу ХХ ст. гэта адбывалася пазней. “Гэта не знак падзелу ў Калегіі кардыналаў, але нармальны ход разважання кардыналаў”, - сказаў ён. Кс. Ламбардзі адзначыў, што быў здзіўлены вялікай колькасцю людзей, што сабраліся на плошчы св. Пятра вечарам 12 сакавіка, каб на ўласныя вочы пабачыць дым з коміну на Сікстынскай капэле. “Бачна, як жыхары Рыма і пілігрымы і турысты перажываюць гэты момант і любяць Папу”, - сказаў ён.

Кіраўнік Залы Друку нагадаў, што эфект чорнага дыму, які абвясціў аб безвыніковым галасаванні кардыналаў, быў асягнуты з дапамогай спецыяльных хімічным элементаў. Паводле кс. Ламбардзі, у адной з печак, устаноўленых у Сікстынскай капэле, спальваюцца выбарчыя карткі, а ў іншы кладуцца пласціны памерам 20х15 см, у склад якіх уваходзяць спецыяльныя хімічныя рэчывы. Адна такая пласціна можа “дыміць” на працягу хвіліны. Звычайна, падчас кожнага палення выкарыстоўваецца 7 такіх пласцін.

Прадстаўнік Святога Пасаду паведаміў, што на цырымоніі адкрыцця канклава прысутнічаў асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI арцыбіскуп Георг Генсвайн, які прызнаўся, што Папа на пенсіі ўважліва сочыць за выбарамі наступнага Пантыфіка і моліцца ў інтэнцыі канклава. “Арцыбіскуп Генсвайн застанецца ў Ватыкане да заканчэння канклава”, - сказаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.