2013-03-12 15:52:44

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Хто можа быць абраны Папам?


RealAudioMP3 Мы прызвычаіліся, што ўжо напрацягу многіх стагодзяў на Пасад св. Пятра выбіраецца адзін з членаў Калегіі кардыналаў, каталіцкі іерарх, звычайна не зусім маладога ўзросту. Такая традыцыя існуе ўжо на працягу многіх стагоддзяў і ўспрамаецца як нешта, што само сабой зразумелае. Аднак, цікава, што ў сучасных нарматыўных актах Каталіцкага Касцёла не існуе якога-небудзь канкрэтнага запісу, якія тычыцца патрабаванняў да кандыдата на Пасад св. Пятра. Існуюць толькі пэўныя ўзгадкі і ўказанні, абапіраючыся на якія, можна зрабіць выснову аб тым, хто можа стаць Папам. Аб іх мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.
Дакументы Каталіцкага Касцёла заўсёды ўказваюць, што служэнне Папы, гэта служэнне біскупскае: Рымскі Пантыфік з’яўляецца Біскупам Рыма. Таму для таго, каб стаць Папам трэба спачатку стаць біскупам. §1 канона 322 Кодэкса кананічнага права кажа, што “поўную і законную ўладу ў Касцёле Рымскі Пантыфік атрымлівае ў сілу прынятага ім законнага абрання, а таксама біскупскага пасвячэння. Таму асоба, абраная на пасаду Вярхоўнага Пантыфіка, якая ўжо мае біскупскае пасвячэнне, атрымлівае гэту ўладу з моманту яе згоды з абраннем”.

Але адначасова звяртаецца ўвага на тое, што ў момант абрання кандыдат на Пасад св. Пятра можа і не быць біскупам. Кодэкс кананічнага права кажа, што “калі абраны не з’яўляецца біскупам, яму неабходна неадкладна ўдзяліць біскупскае пасвячэнне”.

Гэта правіла пацвярджае таксама іншы сучасны дакумент, на падставе якога рэгулюецца жыццё Касцёла ў перыяд “sede vacante”, а таксама абранне новага Пантыфіка – Апостальская канстытуцыя “Universi Dominici gregis” (Паўсюдны статак Пана), выдадзеная Янам Паўлам ІІ у 1996 г.

Дык вось, у пункце 88 гэтага дакументу гаворыцца, што “пасля згоды, абраны, які ўжо мае біскупскае пасвячэнне, адразу ж становіцца Біскупам Рымскага Касцёла, сапраўдным Папам і главой Калегіі Біскупаў; ён набывае поўную і найвышэйшую ўладу ў Паўсюдным Касцёле, і можа яе ажыццяўляць. Аднак, калі абраны не з’яўляецца біскупам, яму павінна быць неадкладна ўдзелена біскупскае пасвячэнне”.

Такім чынам, два фундаментальныя для гэтага пытання прававыя тэксты Каталіцкага Касцёла ўказваюць на тое, што Папам можа быць толькі біскуп, а калі ён не мае пасвячэння, яно павінна быць удзелена яму неадкладна.

Пасля абрання новага Папы, прадугледжана, што кардыналы-выбаршчыкі павінны падысці да яго, каб выказаць сваю павагу і паслухмянасць. Пасля чаго яны ўзносцяць хвалу Богу, а старэйшы з кардыналаў-дыяканаў абвяшчае вернікам, якія чакаюць вынікаў канклаву, імя новага Пантыфіка. Апошні, у сваю чаргу, павінен выйсці на лоджыю ватыканскай базылікі і ўдзяліць сабраным Апостальскае благаслаўленне “Urbi et Orbi”.

У Апостальскай канстытуцыі “Universi Dominici gregis” адзначаецца, што калі абраны не з’яўляецца біскупам, усе гэтыя працэдуры адбываюцца толькі пасля прыняцця ім біскупскай сакры. “Толькі пасля ўрачыстага біскупскага пасвячэння, яму складаюць павагу і абвяшчаецца аб яго абранні”, - гаворыцца ў дакуменце.

У прынцыпе, толькі гэтыя дзве ўзгадкі ўказваюць на тое, хто можа стаць Папам. З іх можна зрабіць выснову, што ім павінен быць мужчына, ахрышчаны і нежанаты. Ён павінен пагадзіцца з выбарам кардыналаў і ў выпадку, калі не з’яўляецца біскупам, прыняць біскупскае пасвячэнне.

На працягу гісторыі Касцёла існавалі розныя сітуацыі. Напрыклад у Х ст. на Пасад св. Пятра быў абраны чалавек, які не меў ніякага пасвячэння – нават дыяканскага і святарскага. Гэта быў будучы папа Леў VIII. Да абрання на Пасад св. Пятра ён быў натарыўсам Латэранскага палацу, адным з супрацоўнікаў папы Яна ХІІ. Ён таксама не меў кардынальскай годнасці. Пасля канклава, на працягу аднаго дня, ён прыняў усе ступені святарства і быў абвешчаны Біскупам Рыма. Яго пантыфікат працягваўся два гады – з 963 па 965 г. Трэба адзначыць, што Леў VIII быў апошнім Папам, абраным з ліку свецкіх вернікаў. З Х ст. такога больш не здаралася ніколі.

У ХІІІ ст. на Пасад св. Пятра быў абраны апошні Папа, які да каклаву меў толькі дыяканскае пасвячэнне. Гэта быў Грыгорый Х. Ён таксама не меў кардынальскай годнасці. На працягу некалькіх месяцаў пасля абрання ён атрымаў святарскае пасвячэнне, а затым і біскупскае. Толькі пасля гэтага пачаўся адлік яго пантыфікату.

У ХVI ст. на Пасад св. Пятра быў абраны апошні кардынал, які меў толькі дыяканскае пасвячэнне. Гэта быў папа Леў Х. А ў XIX ст. Пантыфіка стаў апошні кардынал, які меў толькі святарскае пасвячэнне – Грыгорый XVI.

Падчас выбару на Пасад св. Пятра ўлічваюцца многія іншыя аспекты чалавека, якія, аднак, не прапісаны ў прававых касцёльных актах. Тут бярэцца пад увагу яго моцная вера, мараль, пабожнасць, імкненне клапаціцца пра збаўленне душаў, мудрасць, разважлівасць, чалавечыя цноты і іншыя характарыстыкі, неабходныя для выканання папскага служэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.