2013-03-11 11:49:51

Кс. Ламбардзі: нечалавечая адказнасць на чалавечых плячах Папы


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду заявіў, што кардыналы адчуваюць сябе гатовымі здзейсніць апошні рашучы крок і выбраць новага Папу. Сведчаннем гэтага, паводле кс. Фэдэрыка Ламбардзі, з’яўляецца іх адзінадушнасць у прызначэнні даты канклаву. На яго думку, да канчатковай стадыі падыйшлі і іх супольныя разважанні, абмен інфармацыяй, дыскусіі, неабходныя, каб “сфармуляваць асабістае і адказнае суджэнне аб асобах, найбольш адпаведных для гэтага вялікага задання”. “Вельмі ўражвае думка аб нечалавечай адказнасці, якая кладзецца на плечы чалавека! Гаворка не ідзе пра тое, каб кіраваць толькі дабрабытам складанай арганізацыі, але больш – накіроўваць рэлігійны, духоўны, маральны шлях супольнасці вернікаў, вельмі шматлікай і распаўсюджанай на розных кантынентах, за якой ўважліва назіраюць – са станоўчымі чаканнямі, а часам негатыўнымі адносінамі – многія нашы сучаснікі, што шукаюць сэнсу свайго жыцця”, - сказаў кіраўнік Залы Друку ў эфіры Ватыканскага радыё.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што канклаў, гэта падзея, сэнс якой, можна па-сапраўднаму зразумець, і якую можна спакойна перажыць, толькі ў перспектыве веры. На яго думку, два абраныя на папярэдніх канклавах Пантыфікі далі гэтаму моцнае і незабыўнае сведчанне. Ян Павел ІІ ў паэме “Рымскі трыптых” напісаў: “Усе рэчы голыя і адкрытыя перад вачыма Бога”, “празрыстасць падзеі, празрыстасць сумленняў”. “Ты, які прасякаеш усё – укажы!”. “І Ён укажа”. Гэтыя словы, у сваю чаргу, каментаваў кардынал Ёзэф Ратцынгер: “Спадчына ключоў, пакінутых Пятру... Даць гэтыя ключы ў добрыя рукі: у гэтым самая вялікая адказнасць нашых дзён”.

“Зараз, той, хто сваім незвычайным адмаўленнем прывёў кардыналаў у Сікстынскую капэлу, каб перад гісторыяй выбраць, у чые рукі аддаць ключы, знаходзіцца разам з намі, у маўчанні, але тым больш глыбока і свядома. Ён прабывае ў малітве: “Дух Божы, Ты які ўсё прасякаеш – укажы!”, - адзначыў кіраўнік Залы Друку.








All the contents on this site are copyrighted ©.