2013-03-11 12:29:54

Кс. Ламбардзі: не глядзець на канклаў у палітычных катэгорыях


RealAudioMP3 Калі выбіраецца новы Папа, улічваюцца такія фактары, як неабходнасць абвяшчэння Евангелля, святасць Касцёла, сведчанне любові. Інакш мы будзем абмяжоўвацца разуменнем гэтай падзеі толькі у палітычных катэгорыях – бачыць у ёй толькі сутыкненне розных сілаў. Аб гэтым 11 сакавіка, у інтэрв’ю італьянскай “La Repubblica”, расказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Ён адзначыў, што гаворачы аб Касцёле, важна разумець, што яго “рэальнасць мае перш за ўсё рэлігійнае і духоўнае вымярэнне”. “Такое бачанне з’яўляецца правільным”, - сказаў ён. Кс. Ламбардзі прызнаўся, што аб рашэнні Бэнэдыкта XVI адмовіцца ад служэння Біскупа Рыма ён даведаўся за месяц да 11 лютага. “Я меў час для таго, каб падрыхтавацца да шматлікіх пытанняў”, - сказаў ён. Для кіраўніка Залы Друку праца з журналістамі ў гэты перыяд была не складанай. “Я меў перад вачыма тэкст прамовы Папы, у якім ён тлумачыў прычыны свайго рашэння і таму не было патрэбы ў тым, каб выдумваць іншыя рэчы”, - падзяліўся кс. Ламбардзі. Ён дадаў, што зараз, нягледзячы на вялікі аб’ём працы, звязаны з актуальнымі падзеямі, яму працаваць лягчэй , чым ў перыяд “балючай сітуацыі”, звязанай з выкраданнем дакументаў Папы яго былым камердынерам.

Таксама езуіт адзначыў, што рашэнне Бэнэдыкта XVI яго не вельмі здзівіла. “Я думаю, што людзі, якія добра ведалі Святога Айца мелі менш за ўсё здзіўлення і хвалявання. Гэта адбылося таму, што яны зразумелі глыбокае разважанне аб адносінах паміж яго сіламі і служэннем”, - сказаў кіраўнік Залы Друку.








All the contents on this site are copyrighted ©.