2013-03-10 13:28:07

Хрысціянскія Цэрквы жадаюць удзельнічаць у будучыні Еўропы


RealAudioMP3 Прадстаўнікі Цэркваў сустрэліся з ірландскім прэм’ер-міністрам Энда Кені. Ірландыя старшынюе зараз у Еўрапейскім саюзе. У размовах, якія адбыліся напярэдадні ў Дубліне, прынялі ўдзел прадстаўнікі Ірландскай Рады Цэркваў (ICC), Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK) і Камісіі Епіскапатаў Еўрапейскай Супольнасці (COMECE). Хрысціяне розных канфесій паставілі пад сумнеў сэнс абмеркавання эканоміі бюджэтных сродкаў без уліку іх сацыяльнага аспекту. У стараннях пра эканамічны рост неабходныя – на думку хрысціянскіх лідэраў – намаганні, накіраваныя на ліквідацыю структурнай беднасці і няроўнасці.

Прадстаўнікі Цэркваў звярнулі ўвагу на “сацыяльныя наступствы цяжкага эканамічнага крызісу ў Еўрапейскім саюзе”, які можна назіраць на ўзроўні парафій усіх Цэркваў, што з’яўляецца прадметам іх заклапочанасці на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях. Цэрквы ў Ірландыі асабліва занепакоены наступствамі скарачэння выдаткаў на цяперашнія і будучыя пакаленні і на найбольш уразлівых членаў грамадства.

Прызнаючы, што занятасць і стварэнне працоўных месц у Еўропе з’яўляюцца адным з асноўных патрабаванняў для пераадолення крызісу, Цэрквы звярнулі ўвагу на рост колькасці “працуючых бедных”. Яны заклікалі, каб падчас перагляду заканадаўства аб працоўным часе, уключыць у яго пытанне агульнага для ўсіх выхаднога дня, які назвалі “ясным і бачным знакам прымірэння асабістага, сямейнага і прафесійнага жыцця”.

Дэлегацыя падкрэсліла неабходнасць працягу замежнай “дапамогі ў мэтах развіцця”. Хрысціянскія лідэры заўважылі ў той жа час, што ўлады краін, якія развіваюцца, павінны збіраць належную ім суму падаткаў ад працуючых на іх тэрыторыі міжнародных фірм.

Сустрэча адбылася ў рамках рэгулярнага дыялогу паміж Цэрквамі і ЕС, прапісанага ў артыкуле 17 Лісабонскай дамовы.







All the contents on this site are copyrighted ©.