2013-03-10 11:45:11

Трывае падрыхтоўка пакояў для кардыналаў-выбаршчыкаў


RealAudioMP3 У ватыканскім Доме св. Марты трывае падрыхтоўка да канклава. 9 сакавіка было абнародавана відэа, якое дэманструе абсталяванне пакояў, дзе паселяцца 115 кардыналаў-выбаршчыкаў. У доме, размешчаным за базылікай св. Пятра, яны будуць жыць у строгай ізаляцыі ад знешняга свету. На працягу ўсяго тэрміну канклава, пурпураты не будуць мець магчымасці патэлефанаваць, пачытаць газету або скарыстацца інтэрнэтам.

Кардыналы, якія па стане здароўя не змогуць аддаць свае галасы ў Сікстынскай капэле, будуць мець магчымасць галасаваць на месцы, у Доме св. Марты. З гэтай мэтай была падрыхтавана спецыяльная скрыня, у якую ўпаўнаважаныя кардыналы збяруць галасы. Размеркаванне пакояў падчас канклава вырашыць жэраб’ёка, якая адбываецца звычайна падчас адной з агульных кангрэгацый. У свае апартаменты кардыналы-выбаршчыкі заселяцца ўвечары перад пачаткам канклава.

Таксама новаабраны Папа на працягу першых тыдняў, да пераезду ў Апостальскі палац, будзе жыць у спецыяльна прызначаных і падрыхтаваных для яго пакоях Дома св. Марты. Як правіла, пакой № 201 зарэзерваваны для спецыяльных гасцей. Там жыў, напрыклад, Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей I.







All the contents on this site are copyrighted ©.