2013-03-10 11:26:28

На Сікстынскай капэле да канклава ўстаноўлены комін


RealAudioMP3 У сувязі з пачаткам канклава, прызначаным на 12 сакавіка, на Сікстынскай капэле ўстаноўлены комін. 9 сакавіка чацвёра супрацоўнікаў замацавала на даху капэлы металічную трубу. За іх працай назіралі шматлікія фатографы і здымачныя групы з усяго свету. У наступны аўторак у Сікстынскай капэле збяруцца 115 кардыналаў, спасярод якіх будзе абраны 266-ы Наступнік св. Пятра. З коміну выйдзе белы дым, які стане сігналам выбару Папы, або чорны, што засведчыць аб адсутнасці выніку галасавання. Дым з’явіцца з двух печаў, выкананых з ліцейнага чыгуну. У адной з іх, якая эксплуатуецца з 1939 г., будуць спальвацца карткі, выкарыстаныя кардыналамі для галасавання, а ў другой, якую ўжылі ўпершыню ў 2005 г., з дапамогай хімічных рэчываў, будзе вырабляцца дым белага або чорнага колераў. Пачатак традыцыі гэтай формы паведамлення аб выбары Папы губляецца ў глыбіні стагоддзяў гісторыі. Упершыню выявы Сікстынскай капэлы з печчу, у якой спальвалі выбарчыя карткі падчас канклава, з’явіліся ў XVII ст. Інфармацыя аб тым, што дым быў выкарыстаны ў якасці сігналу паходзіць з канклава ў 1775 г.; ён праводзіўся ў рымскім Квірынальскім палацы. Згадка аб тым, што “дым” стаў неад’емнай часткай канклава датуецца 1878 г. На пачатку да спальваных картак дакладалі вільготную салому, каб атрымаць чорны колер дыму. Падчас канклава ў 1963 г. у першы раз для яго атрымання выкарысталі дымавую шашку італьянскай арміі.

Ва ўведзеных Янам Паўлам II у 1996 г. правілах выбару Папы дымавы сігнал больш не згадваецца. Нягледзячы на выкарыстанне сучасных рэчываў, колер дыму становіцца не адразу зразумелым. У 2005 г. толькі пасля некалькіх хвілін можна было дакладна сказаць, што з коміну выходзіць белы дым. З таго часу аб выбары Пантыфіка дадаткова сведчыць гучанне званоў базылікі св. Пятра.







All the contents on this site are copyrighted ©.