2013-03-09 14:28:43

Падрабязнасці канклаву: галасаванне ў дзве сесіі па два туры


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі расказаў аб падрабязнасцях, звязаныя з правядзеннем галасавання на канклаве. Яно будзе адбывацца штодзённа двойчы – днём і вечарам. Прычым, і падчас дзённай, і падчас вячэрняй сесій будзе праходзіць па два туры галасавання. Спаленне выбарчых картак прадугледжана пасля кожнай сесіі, г.зн. пасля двух тураў галасавання, і будзе адбывацца ў 12.00 і 19.00 кожнага дня. Аднак, у выпадку абрання Папы падчас першага з галасаванняў, спаленне адбудзецца раней – з 10.30 да 11.00 днём або з 17.30 да 18.00 вечарам. Падчас сустрэчы з журналістамі 9 сакавіка кіраўнік Залы Друку расказаў аб парадку падрыхтоўкі да канклава. Ён паведаміў, што за дзень да яго пачатку, 11 сакавіка ў 17.30 у капліцы св. Паўла, што знаходзіцца ў Апостальскім палацы, адбудзецца прынясенне прысягі персаналам, які будзе дапамагаць кардыналам у перыяд падрыхтоўкі да канклава. Ватыканскі тэлевізійны цэнтр будзе праводзіць прамую трансляцыю з гэтай падзеі. Таксама 11 сакавіка, у першай палове дня, адбудзецца чарговая агульная кангрэгацыя.

12 сакавіка каля 7.00 кардыналы-выбаршчыкі заселяцца у свае пакоі ў Доме св. Марты. Затым, у 10.00 у базыліцы св. Пятра пачнецца св. Імша “Pro eligendo Pontifice” (Аб абранні Пантыфіка), якую ўзначаліць дэкан Калегіі кардыналаў Анджэла Садана. Прадугледжана, што ў 15.45 адбудзецца пераезд кардыналаў-выбаршчыкаў з Дома св. Марты ў ватыканскі Апостальскі палац. Затым, у 16.30, спяваючы літанію да ўсіх святых, пурпураты ўрачыстай працэсіяй пяройдуць з капліцы св. Паўла ў Сікстынскую капэлу. Тут пасля малітвы “Veni Creator Spiritus” яны прынясуць прысягу і пачуюць духоўнае разважанне. Затым адбудзецца першае галасаванне. Прадугледжана, што ў 19.15 пурпураты памоляцца Літургіяй гадзін у Сікстынскай капэле, а затым вярнуцца ў Дом св. Марты.

Звяртаючыся да падзей агульнай кангрэгацыі 8 сакавіка, езуіт прызнаўся, што большасць кардыналаў пагадзілася з першай з прапанаваных дат пачатку канклаву – 12 сакавіка. Таму галасаванне прайшло хутка і паведамленне аб яго выніках з’явілася раней прадугледжанага тэрміну.








All the contents on this site are copyrighted ©.