2013-03-08 11:02:37

Дырэктар Ватыканскіх музеяў: фрэскі Сікстынскай капэлы – навучанне Касцёла ў вобразах


RealAudioMP3 “Фрэскі Сікстынскай капэлы – гэта навучанне Касцёла прадстаўленае ў вобразах”, – лічыць дырэктар Ватыканскіх музеяў Антоніа Паўлуччы. У 2,5 тыс. м кв. прадстаўлена ўся гісторыя сусвету – ад “няхай станецца святло” да Апакаліпсіса. “Калі кардыналы выбаршчыкі здолеюць убачыць усё гэта, то зразумеюць веліч сваёй ролі і вагу сваіх рашэнняў”, – сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Антоніа Паўлуччы. Ён адзначыў, што Сікстынская капэла, была пабудавана для падзей асаблівай важнасці, да якіх адносіцца таксама і абранне новага Папы. Паводле навукоўцы, святыня была ўзведзена па тых самых памерах, якія меў разбураны Іерусалімскі храм – памерах, якія пазначаны ў Бібліі, у Трэццяй кнізе Валадарстваў – каб прадстаўляць сабой, свайго роду Браму новага і канчатковага запавету паміж Богам і Яго народам, пад знакам Рымскага Касцёла.

Дырэктар Ватыканскіх музеяў падзяліўся цікавым фактам, адносна некаторых аптычных эфектаў, якія прысутнічаюць у Сікстынскай капэле. Ён расказаў, што калі кардыналы ўваходзяць у яе, іх позірк заўсёды скіроўваецца ў бок правай сцяны, на якой прадстаўлена сцэна атрымання апосталам Пятром ключоў – ўстанаўленне інстытута папства. Затым, калі пурпураты сядаюць на свае месцы, іх позірк звяртаецца на іншую фрэску – са сцэнай Апошняга суду: яны бачаць анёлаў, што трымаюць у руках прылады катаванння Езуса. На думку Антоніа Паўлуччы, гэта выява сведчыць ад тым, што на Апошнім судзе трэба будзе засведчыць наколькі заставаўся верным Хрысту ў сваім жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.