2013-03-07 12:28:38

Італьянская газета аб тонкім пачуцці гумару кс. Ламбардзі


RealAudioMP3 Цярплівасць, дакладнасць і спакой. На гэтыя рысы кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі звяртае ўвагу італьянскае выданне “Corriere della sera”. Падчас штодзённых сустрэч з журналістамі святар вымушаны адказваць на сотні пытанняў самага рознага кшталту: ад сур’ёзных і важных, да павярхоўных і правакацыйных. Нягледзячы на гэта, кіраўнік Залы Друку заўсёды кажа аб тым, што цікавіць супрацоўнікаў СМІ, аб чым ведае і мае права казаць. На старонках італьянскага выдання адзначаецца, што калі справа тычыцца асабліва “экстравагантных” пытанняў, кс. Ламбардзі адказвае на іх з пачуццём гумару. У пацвярджэнне гэтаму прыводзіцца некалькі жартаўлівых адказаў кіраўніка Залы Друку. Напрыклад, на пытанне, ці будзе кс. Ламбардзі прысутнічаць на канклаве, кіраўнік Залы Друку адказаў: “Толькі кардыналы могуць прымаць удзел у ім, таму што ён праходзіць у атмасферы поўнай сакрэтнасці. Справа не ў тым, што я не ўмею захоўваць сакрэты, але проста не існуе прычын для таго, каб я быў там”. На прытанне аб тым, што дакладна будзе рабіць Бэнэдыкт XVI 28 лютага ў 20.00, калі сыдзе ў адстаўку, кс. Ламбардзі адказаў: “Што я магу сказаць, я думаю ён адправіцца павячэраць”.

Адзначаецца, што часам пытанні, якія цікавяць журналістаў тычацца спраў, аб якіх кіраўнік Залы Друку расказваць не мае права. Тады кс. Ламбардзі дакладна і тактоўна тлумачыць, што даў прысягу аб захаванні ў сакрэце дэтальнай інфармацыі, звязанай з дыскусіямі кардыналаў, і не можа падзяліцца ёй.








All the contents on this site are copyrighted ©.