“Я ніколі не адчуваў
сябе ў адзіноце – апошнія прамовы Бэнэдыкта XVI”, – зборнік пад такой назвай быў падрыхтаваны
ватыканскім выдавецтвам і ўжо з’явіўся на паліцах кнігарняў. У яго увайшлі тэксты
прамоў Папы на пенсіі, за перыяд паміж 11-28 лютага – ад абвяшчэння рашэння аб заканчэнні
Пантыфікату да пачатку перыяду “sede vacante”. На вокладцы выдання змешчаны фотаздымак
Бэнэдыкта XVI з апошняй агульнай аўдыенцыі, якая прайшла на галоўнай ватыканскай плошчы
27 лютага. Загалоўкам кнігі сталі словы, прамоўленыя Папам падчас той сустрэчы з вернікамі:
“Я ніколі не адчуваў сябе ў адзіноце несучы радасць і цяжар служэння на пасадзе св.
Пятра”.
Сярод тэкстаў, змешчаных у кнізе, прамова Бэнэдыкта XVI падчас кансісторыі
11 лютага, катэхезы з апошніх агульных аўдыенцый, гамілія на св. Імшы ў Папяльцовую
сераду, зварот да пробашчаў рымскіх касцёлаў, словы на заканчэнне духоўных практыкаванняў
для членаў Рымскай курыі і тэкст “motu proprio” аб зменах у правядзенні канклаву.
У завяршэнні кнігі прыводзяцца словы Бэнэдыкта XVI, скіраваныя з лоджыі Апостальскага
палацу ў Кастэль-Гандольфа на развітанне з вернікамі: “Я просты пілігрым, які пачынае
апошні перыяд свайго пілігрымавання па гэтай зямлі”. У спецыяльным паведамленні ватыканскага
выдавецтва адзначаецца, што кніга з’яўляецца знакам удзячнасці Бэнэдыкту XVI.