2013-03-07 12:58:18

Ватыканскі дыпламат пра прыярытэты міжнароднай дзейнасці Святога Пасаду


RealAudioMP3 Падчас Пантыфікату Бэнэдыкта ХVІ ватыканская дыпламатыя працавала па некалькіх асноўных напрамках: абарона жыцця, абарона рэлігійнай свабоды, выхаванне да міру і міласэрнасці, абарона самых слабых катэгорый грамадзян. Пра гэта расказаў удзельнікам Міжнароднай канферэнцыі “Вера і дыпламатыя. Міжнародныя адносіны Святога Пасаду ў сучаснасці”, якая праходзіць у Мілане, арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах з дзяржавамі Святога Пасаду. Ён падкрэсліў, што міжнародная дзейнасць Апостальскай Сталіцы заснавана на сацыяльным навучанні Касцёла.

Дыпламат узгадаў адзін з асноўных вектараў дзейнасці Святога Пасаду: абарону рэлігійнай свабоды ў святле новых выклікаў. Ён распавёў, што ватыканская дыпламатыя імкнецца паўсюдна забяспечыць права католікаў на вызнаванне веры, выкладанне сваёй сацыяльнай дактрыны, маральную ацэнку па праблемах, якія тычацца палітычнага парадку, калі фундаментальныя правы чалавека і збаўленне душаў гэтага патрабуюць.

Сёння Святы Пасад мае двухбаковыя адносіны са 180 дзяржавамі, паведаміў арцыбіскуп Мамбэрці. У цэнтры дыпламатычнай дзейнасці Святога Пасаду стаяць таксама і адносіны з Міжнароднымі арганізацыямі, асабліва ААН, ЮНЕСКА, ФАО, дадаў ён. Сакратар па адносінах з дзяржавамі адзначыў, што прыярытэтнымі напрамкамі працы ватыканскай дыпламатыі з’яўляюцца таксама: барацьба з карупцыяй, крыміналам, вырабам і абаротам наркотыкаў, а таксама пазбяганне падзелаў і напружанасці, якія нясуць грамадствам небяспеку ў іх развіцці і мірным суіснаванні.








All the contents on this site are copyrighted ©.