2013-03-06 14:40:14

Пурпураты чакаюць прыбыцця апошніх двух кардыналаў-выбаршчыкаў


RealAudioMP3 У працы агульнай кангрэгацыі прынялі ўдзел 153 кардыналы, сярод якіх было 113 кардыналаў-выбаршчыкаў. Аб гэтым 6 сакавіка расказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы падчас сустрэчы з журналістамі. Паводле яго, чакаецца прыезд апошніх двух кардыналаў выбаршчыкаў – арцыбіскупа Варшавы кардынала Казімежа Ныча і в’етнамскага кардынала Жана Баптыста Пан Мін Мана. Яны, паводле кс. Ламбардзі павінны прыбыць у Рым 6 і 7 сакавіка. Езуіт расказаў, што каб надаць агульнай кангрэгацыі атмасферу большага сяброўства і блізасці, пурпураты павіншавалі з днём нараджэння кардынала Вальтэра Каспера, якому 5 сакавіка споўнілася 80 гадоў, кардынала Франчэска Кокапальмерыа, якому 6 сакавіка споўнілася 77 гадоў, а таксама кардынала Хуліа Тэразаса, які 7 сакавіка будзе адзначаць сваё 77-годдзе.

Кс. Ламбардзі таксама распавёў, што 6 сакавіка члены Калегіі Кардыналаў выслухалі 18 дакладаў пурпуратаў з розных краін свету. Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што з датай пачатку канклава кардыналы да гэтага часу не вызначыліся. Паводле яго, пурпураты жадаюць неспяшаючыся падрыхтавацца да гэтай падзеі. Таксама журналістам быў прадэманстраваны кароткі відэазапіс з Сікстынскай капэлы, у якой адбываецца падрыхтоўка да канклаву.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб рэакцыі Апостальскай Сталіцы ў сувязі са смерцю Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, кс. Ламбардзі расказаў, што арцыбіскуп Каракаса кардынал Хорхе Уроса, прысутны на агульнай кангрэгацыі ўжо выказаў свае спачуванні.








All the contents on this site are copyrighted ©.