2013-03-05 15:35:49

Ватыканская газета пра прагнозы аб будучым Папе


RealAudioMP3 Напісанне артыкулаў з прагнозамі адносна асобы будучага Пантыфіка стала сапраўдным літаратурным жанрам, у якім, за некаторымі выключэннямі, цікавасць да дадзенай тэматыкі прама прапарцыянальна недасведчанасці ў тэме аб якой ідзе гаворка. На гэты факт звяртае ўвагу 5 сакавіка ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano”. Падкрэсліваецца, што часам звычайныя людзі, якія выпадкова чытаюць прагнозы газетных “экспертаў”, з’яўляюцца большымі спецыялістамі, таму што бліжэй адчуваюць катэгорыі аб якіх кажуць самі іх аўтары. Ватыканская газета звяртае ўвагу на тое, што вельмі часта напісанне такіх прагнозаў выклікана адсутнасцю навін і неабходнасцю запаўняць палосы выдання. Адсюль з’яўляюцца артыкулы з тэорыямі аб вобразе будучага Папы, яго будучым імені і г.д.

Яшчэ адным тыповым слоганам, якім карыстаюцца журналісты, з’яўляецца старажытная рымскай прымаўка: “Хто ўваходзіць на канклаў Папам, выходзіць кардыналам, а хто заходзіць кардыналам – выходзіць Папам”. Яе змест падкрэслівае, што часцей за ўсё Пантыфікам становіцца самы нечаканы кандыдат. “L’Osservatore Romano” адзначае, што гэты стэрэатып напрацягу ХХ ст. разбіваўся некалькі разоў: у 1939 г. “фаварытам” быў кардынал Еўджэніа Пачэлі, які стаў папам Піем XII, у 1963 – кардынал Джавані Батыста Манціні, які стаў Паўлам VI. Акрамя таго, звяртаецца ўвага на тое, ватыканісты “Time”, “L’Espresso” і “Le Monde” прадбачылі абранне на пасад св. Пятра кардынала Альбіна Лучані, папы Яна Паўла І. Канешне, выключэннем з’яўляецца абранне Яна Паўла ІІ, якое змаглі прадбачыць толькі некаторыя вельмі дасведчаныя спецыялісты, сярод якіх іспанскі святар і ватыканіст Хасэ Луіз Марцін Дэскальца у часопісе “Blanco y Negro”.

Паводле ватыканіста і супрацоўніка Ватыканскага радыё Луіса Бадзілы, з 11 лютага, дня калі Бэнэдыкт XVI абвясціў аб тым, што пакідае Пасад св. Пятра колькасць “самых верагодных” паводле СМІ кандытаў узрасла з 23 чалавек да 47. Многія запісваюць іх на паперы, каб потым, калі-небудзь паказаць сваім унукам і сказаць: “Я гэта прадбачыў”, адзначае “L’Osservatore Romano”.








All the contents on this site are copyrighted ©.