2013-03-04 15:31:26

Кс. Ламбардзі: ў бліжэйшыя дні будзе вызначана дата пачатку канклаву


RealAudioMP3 4 сакавіка, раніцай, ў новай Сінадальнай Зале ў Ватыкане адбылося першае пасяджэнне Генеральнай Кангрэгацыі Калегіі кардыналаў, сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас чарговай сустрэчы з журналістамі. “На ёй прысутнічала 142 кардыналы, з якіх 113 маюць права выбару новага Папы. Да раніцы 5 сакавіка павінны прыбыць у Рым яшчэ12 кардыналаў-выбаршчыкаў: у канклаве прыме ўдзел 115 пурпуратаў”, -апавёў італьянскі езуіт. Ён нагадаў, што вітаючы іерархаў, кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі Кардыналаў гаварыў аб значэнні гэтай падзеі. Затым адбылася цырымонія прысягі, якую склаў кожны кардынал. “Кардынал - камерленг Тарчызіо Бэртонэ унёс прапанову, якая была прынята, каб айцец Раньера Канталамеса, прапаведнік Папскага дома, падчас другога вячэрняга пасяджэння Кангрэгацыі, даў іерархам свае медытацыі”, - сказаў кс. Ламбардзі. Ён таксама адзначыў, што кардыналы скіравалі прывітанне “Папе на пенсіі”.

На першым пасяджэнні Генеральнай Кангрэгацыі, як сказаў прадстаўнік Залы Друку, былі абраныя тры памочнікі камерленга. “Апостальская кантытуцыя “Universi Dominici Gregis” гаворыць, каб у асаблівай Кангрэгацыі, значыць той, якая займаецца найбольш практычнымі пытаннямі і якою кіруе камерленг, таксама павінны ўвайсці тры кардыналы- памочнікі”, - сказаў дырэктар Ватыканскага радыё і дадаў, што імі былі абраныя кардыналы Рэ, Сэпэ і Родэ.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў вельмі ветлівую і канструктыўную атмасферу Кангрэгацыі і сцвердзіў, што выступіла 13 пурпуратаў. “Дата канклаву будзе вызначана ў бліжэйшыя дні”, - адзначыў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.